За сюжэт на «Белсаце» Жукоўскі і Толчын атрымалі чарговыя штрафы


Суддзя Андрэй Сусла ў судзе Гомельскага раёну аштрафаваў фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына – кожны мае сплаціць па 612,5 рублёў (25 базавых велічыняў). Журналістаў пакаралі за матэрыял пра свіную чуму ў Новай Гуце, які з’явіўся на нашым тэлеканале ў лютым.

«Гэты суд адметны тым, што ён сфабрыкаваны і суддзя не звяртае на гэта ўвагі. Сведка кажа, што былі жанчына і мужчына, што былі 13-га, а насамрэч 12-га. Прадавачкі кажуць, што мы называліся »Белсатам« хоць я ніколі гэтага не раблю, бо зʼяўляюся журналістам-фрылансерам», – сказаў у каментары Кастусь Жукоўскі.

Андрэя Толчына прысуду не здзівіў.

«Вырак для мяне чаканы, бо ўлада цяпер у адным кулаку кіруецца не правам, а загадамі. Менавіта нас журналістаў-фрылансераў улада спрабуе прыціснуць, каб зачысціць інфармацыйную прастору», – сказаў Толчын.

Сёлета гэта ўжо трэці штраф за сюжэты для тэлеканалу «Белсат» для Жукоўскага і Толчына. Сума штрафаў у Толчына складае цяпер 2695 рублёў, у Жукоўскага – 2572,5 рубля.

Стужка навінаў