За Сталіна і расейскую мову. Кандыдаты ад «русского мира»: хто яны?


Этап вылучэння кандыдатаў у дэпутаты яшчэ не завершаны, але ўжо цяпер сярод удзельнікаў парламенцкай кампаніі можна заўважыць шэраг сілаў з відавочна прарасейскай пазіцыяй. Belsat.eu разбіраўся, хто гэтыя людзі, і ці варта чакаць актывізацыі прарасейскіх сілаў падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў?

Балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў будуць прынамсі двое прадстаўнікоў прарасейскага руху «Грамадзянская згода»: Эльвіра Мірсалімава і Арцём Агафонаў. У сваёй праграме рух выступае за падтрыманне курсу на будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, абарону правоў «рускамоўнай большасці» і абяцае змагацца супраць «русафобіі», якую лічаць «самай распаўсюджанай і небяспечнай праяваю ксенафобіі» ў Беларусі.

Эльвіра Мірсалімава.
Фота: vk.com

«Калі не я, то хто? Хто будзе прадстаўляць парламент нашай Рэспублікі? Якія-небудзь нацыяналісткі-папулісткі, што прасоўваюць пад выглядам «заходніх каштоўнасцяў» вычварэнствы і ювенальнае бязмежжа? Апраўдацелі каўказскіх тэрарыстаў? Русафобы, праціўнікі праваслаўя і адэпты апалячвання?» – тлумачыць Мірсалімава, чаму яна ідзе на выбары.

Мірсалімава падкрэсліла, што будзе вылучацца на выбарах ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, чальцом якой з’яўляецца. Мірсалімава яшчэ не стала кандыдаткай у дэпутаты, але ўжо адзначылася шэрагам скандальных заяваў. Напрыклад, яна заклікала паставіць у Беларусі помнік Сталіну.

«Сталін – вялікі дзеяч нашай агульнай гісторыі. Куды вялікая велічыня, чым уся гэтая польска-літоўская шляхецкага, якую нас сёння абавязваюць прымаць як нібыта беларускіх дзеячаў», – заявіла яна ў інтэрвʼю soglasie.by.

Мірсалімава кажа, што нацыянальная ідэя беларусаў у тым, што яны – расейцы. А таксама падтрымлівае дзейную ўладу: сцвярджае, што беларусы ніколі так добра не жылі, як у часы кіравання Лукашэнкі.

Арцём Агафонаў.
Фота: facebook.com/artem.agafonov

Арцём Агафонаў зарэгістраваў сваю ініцыятыўную групу у Асіповічах. З 2005 па 2014 год ён быў актывістам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, аднак пасля Майдану сышоў праз сваю прарасейскую пазіцыю. Цяпер Агафонаў – актыўны абаронца расейскай мовы ў Беларусі, выступае супраць з’яўлення шыльдаў на беларускай мове. Паводле яго, краіна знаходзіцца «на парозе фундаментальных палітычных пераўтварэнняў» і таму ў парламент мусяць ісці «адказныя людзі».

Дырэктар па даследаванням «East Center», палітолаг Андрэй Елісееў адзначаў у сваім акаўнце ў «Facebook», што ўдзельнікаў парламенцкай кампаніі ад «Грамадзянскай згоды» правільна было б лічыць не прарасейскай, а антыбеларускай сілай, бо яны фактычна выступаюць за падрыў суверэнітэту Беларусі.

"Троянские кони" запрягаются в парламент БеларусиДавний автор сети антибелорусских сайтов пропаганды и дезинформации…

Opublikowany przez Andreiego Yeliseyeu Piątek, 13 września 2019

«Грамадзянская згода» падтрымлівае шчыльныя стасункі з Рэспубліканскай партыяй працы і справядлівасці (РППС). Партыя таксама выступае супраць «беларусізацыі» і падтрымлівае саюз з Расеяй.

«Расеюшка падымаецца з каленяў. І нам з ёй па шляху», – заявіў сёлета ў праграмным інтэрв’ю кіраўнік віцебскай партыйнай арганізацыі Аляксандр Лукашок.

Агафонаў і Лукашок.
Фота: facebook.com/stropov

Агулам па Беларусі зарэгістравана 10 ініцыятыўных групаў сябраў РППС, у тым ліку 5 – у Менску. Акрамя таго партыя можа вылучыць сваіх кандыдатаў на з’ездзе. Колькі іх будзе – пакуль невядома.

Адзначым, што на мінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў трапілі тры сябра РППС.

Hавiны
Хто пераможа на выбарах? Гайд па кандыдатах ад улады
2019.09.10 13:32

У адрозненні ад РППС, Беларуская патрыятычная партыя яшчэ летам абвесціла, што збіраецца вылучаць на выбарах не менш за 90 кандыдатаў у дэпутаты. Імаверна, большасць з іх будуць вылучаць праз з’езд, бо зарэгістравана толькі 2 ініцыятыўныя групы сябраў БПП.

Лідар партыі – Мікалай Улаховіч, які таксама ўзначальвае грамадскае аб’яднанне «Беларускае казацтва». БПП падтрымлівае будаўніцтва Саюзнай дзяржавы з Расеяй.

«Мы з’яўляемся прадстаўнікамі мільёнаў расейскамоўных, людзей з расейскімі каранямі», – заявіў Улаховіч сёлета агенцтву БелаПАН.

Пры гэтым афіцыйна Улаховіч выступае супраць ідэалогіі «рускага свету», сваю ідэалогію называе «патрыятызмам», а героям гэтай ідэалогіі лічыць Лукашэнку.

Як і РППС, БПП на мінулых выбарах атрымала тры дэпутацкіх мандата – у тым ліку ў парламент трапіў сам Улаховіч. Ці будзе Улаховіч сёлета вылучаць сваю кандыдатуру ў дэпутаты – невядома.

Прыярэтыт інтэграцыі па постсавецкай прасторы замацаваны і ў статуце Камуністычнай партыі Беларусі. КПБ сёлета вылучае ў дэпутаты 60 чалавек. Пры гэтым КПБ з’яўляецца лідарам па колькасці зарэгістраваных ініцыятыўных групаў па збору подпісаў – іх 28 па ўсёй Беларусі.

Між тым няма падставаў казаць пра актывізацыю прарасейскіх сілаў падчас сёлетніх выбараў у Палату прадстаўнікоў. Па сутнасці, за выключэннем прадстаўнікоў «Грамадзянскай згоды» сярод удзельнікаў кампаніі пакуль не бачна людзей, якія б выкарыстоўвалі адкрыта антыбеларускую рыторыку.

Палітолаг Алесь Лагвінец не лічыць, што ўплыў прарасейскіх сілаў падчас гэтай парламенцкай кампаніі можа ўзмацніцца.

«Парламенцкая кампанія цалкам не заўважная для грамадства і няма падставаў думаць, што яна нешта істотна зменіць ў краіне», – адзначыў ён у каментары belsat.eu.

Hавiны
Ад мадэлі да грузчыка. Топ самых маладых удзельнікаў парламенцкай кампаніі
2019.09.13 10:40

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў