За спробу забойства міліцыянта злачынцу паўторна прысудзілі да пажыццёвага


Асуджаны Дзёўкш перад вынясеннем прысуду.
Фота: belsat.eu

Менскі гарадскі суд 13 студзеня вынес прысуд асабліва небяспечнага злачынцу Сяргею Дзёўкшу, які ўжо адбыве пажыццёвы тэрмін. Пра гэта паведамляе карэспандэнт belsat.eu.

Асуджаны абвінавачваўся ў замаху на забойства міліцыянта. Злачынства мела месца ўвечары 20 кастрычніка 2001 года на стадыёне Менскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжу. Дзёўкш тройчы стрэліў у міліцыянта, які збіраўся праверыць яго дакументы. Пацярпелы выжыў, дзякуючы таму, што сам пачаў страляць у адказ, у выніку чаго нападнік уцёк.

Hавiны
У Менску будуць судзіць мужчыну, які тройчы стрэліў у міліцыянта
2019.10.22 15:44

Пракурор прасіў для яго 23 гады пазбаўлення волі, а з улікам раней прызначанага пакарання – пажыццёвае зняволенне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адпаведнае рашэнне на падставе Крымінальнага кодэксу ў рэдакцыі 1999 года і вынес суд.

Сам абвінавачаны на ранейшых паседжаннях не прызнаў сваёй віны. У яго ёсць 10 содняў, каб аспрэчыць вынесены прысуд.

Да пажыццёвага зняволення яго асудзілі яшчэ ў 2004 годзе – за забойства маёра менскай міліцыі Ігара Кашкана. Старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах упраўлення Камітэта барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй пры МУС Ігар Кашкан быў забіты 21 жніўня 2001 года, у доме, дзе меўся правесці ператрус. Калі міліцыянт зачытаў пастанову аб правядзенні ператрусу і прапанаваў гаспадыні добраахвотна выдаць зброю і наркотыкі, яго застрэліў абвінавачаны.

Дзёўкша затрымалі ў Польшчы, якая экстрадавала злачынцу ў Беларусь.

Яшчэ раней яго ўжо двойчы судзілі. Першы прысуд быў вынесены яму ў 1991 годзе, калі Дзёўкшу было 17 гадоў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў