За спробу адстаяць свае правы кіраўніцтва звальняе кіроўцаў хуткай дапамогі

Кіроўцы КУП «Менсксанаўтатранс» абурыліся дзеяннямі кіраўніцтва, якое фактычна пазбавіла іх даплаты за працу ва ўмовах пандэміі. Працаўнікі прадпрыемства працуюць на станцыях хуткай дапамогі. У адпаведнасці з пастановамі ўладаў, медперсанал, які працуе з інфікаванымі, мае права на дадатковую аплату. Згодна з гэтым сродкі з боку Камітэту аховы здароўя паступілі ў «Менсксанаўтатрас», але кіроўцы грошы ў поўнай меры не атрымалі. А тых, хто запытаўся пра даплаты, звальняюць з працы.

Уладзімір Сіроткін чатыры гады адпрацаваў кіроўцам у КУП «Менсксанаўтатранс». Пакуль мужчына лічыцца кіроўцам на шостай падстанцыі хуткай дапамогі ў Менску. За гады працы ў мужчыны не было спагнанняў і ён быў на добрым рахунку. Але раптам даведаўся, што кантракт з ім працягваць не будуць. У выніку з 1 верасня кіроўца застанецца без працы. Паводле яго словаў, прычынаю стала патрабаванне справядлівых разлікаў за працу ва ўмовах пандэміі.

«Дырэктар нашага прадпрыемства сказаў, што дадатковыя грошы за працу ва ўмовах пандэміі нам аплочвае самое прадпрыемства. У першы месяц кіроўцам налічылі каля 300 рублёў, але пасля падатковых вылічэнняў мы атрымалі капейкі. У наступным месяцы яны налічвалі нам паводле таго, колькі разоў мы былі на выкліках. Але лічылі па-свойму, нібыта мы выязджалі адзін раз на дзень. Насамрэч мы выязджалі нават тры-чатыры разы за дзень. Але гэта ніхто не лічыў. Таму проста стала крыўдна. А ў Камітэце аховы здароўя нам пацвердзілі, што ў «Менсксанаўтатранс» грошы для аплаты працы кіроўцаў хуткай дапамогі паступілі, вось толькі да нас яны не дайшлі», – распавёў «Белсату» Уладзімір Сіроткін, кіроўца хуткай дапамогі.

У выніку працаўнікі дзяржаўнага прадпрыемства абурыліся і склалі калектыўны зварот у Мінздароўя з патрабаваннем дапамагчы атрымаць у поўнай меры грошы за працу з кавіднымі ў адпаведнасці з заканадаўствам. Але копія ліста патрапіла да дырэктара «Менсксанаўтатранс» і той пастанавіў вырашаць праблему па-свойму.

Уладзімір Сіроткін. Фота: ВК

«Праз дзень пасля таго, як копія ліста патрапіла да дырэктара прадпрыемства, мне патэлефанавалі і сказалі, каб я прыйшоў у аддзел кадраў. А там мне і паведамілі, што кантракт са мной працягваць не будуць. Я выйшаў і пабачыў кіраўніка аддзелу. Падышоў і запытаўся ў яго, чаму са мной не будуць працягваць кантракт. А ў адказ пачуў, што я падпісваў ліст, пачаў змагацца за выплаты, вось гэта і стала прычынаю. Пазней мне ўдалося паразмаўляць з дырэктарам нашага прадпрыемства. Ён проста ў вочы сказаў, што паколькі мяне нешта не задавальняла, то значыць усё», – распавёў Уладзімір Сіроткін.

Кантракт ва Уладзіміра Сіроткіна завяршаецца 31 жніўня. Кіроўца кажа, што не думаў, што прыйдзецца змяняць працу, паколькі на гэтым прадпрыемстве працаваў сумленна.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

«Літаральна два тыдні таму мне аб’явілі вусную падзяку, паколькі ніколі не адмаўляў у просьбах дапрацаваць, ніколі не парушаў працоўнай дысцыпліны. На станцыі хуткай дапамогі фельчары таксама выступілі за мяне, падтрымалі. Але ў сувязі з тым, што наш дырэктар не слухае нікога, таму гэта не мае сэнсу», – Уладзімір Сіроткін кажа, што астатнім кіроўцам таксама пагражаюць звальненнямі. Людзі, якія падпісаліся, патрапілі на асаблівы кантроль.

Фельчар з Ліды, якога плануюць звольніць: Спадзяюся, што людзі будуць больш казаць праўду

На шостай станцыі хуткай дапамогі фельчары кажуць, што здзіўленыя такім рашэннем кіраўніцтва.

«У нас на станцыі была падобная праблема, мы не атрымалі даплатаў. Але пасля таго, як напісалі ліст, праблему вырашылі і даплаты выплацілі. Кіроўцы, якія працуюць на машынах хуткай дапамогі вырашылі таксама змагацца аналагічным чынам. Але людзей у выніку незаконна звальняюць за тое, што яны змагаюцца за свае працы. Паколькі ў дамове прапісана, што кіроўцы маюць права на атрыманне дадатковых даплатаў за працу ва ўмовах пандэміі каронавірусу. Пацвердзілі гэта і ў Мінздароўя. Але ўлады хітрыя і відаць вырашылі скарыстацца грашыма людзей, не заплацілі належнае за чатыры месяцы. Там вялізныя сродкі», – распавялі «Белсату» ў станцыі хуткай дапамогі.

Зялёнае святло для хуткай медычнай дапамогі на сталічным праспекце. Фота: «Белсат»

На КУП «Менсксанаўтатранс» працуюць агулам 1100 кіроўцаў. На рубрыцы вакансіі на сайце змяшчаецца аб’ява пра тое, што прадпрыемству патрэбныя кіроўцы хуткай дапамогі. «Белсат» звярнуўся да дырэктара прадпрыемства з пытаннем, чаму, калі не хапае персаналу, кіраўніцтва звальняе людзей. Але дырэктар Анатоль Дастанка адказаў даволі коратка.

«Можна на гэтую тэму я весці размовы з вамі не буду. Да пабачэння», – прагучала з боку дырэктара, пасля чаго ён кінуў слухаўку.

Больш шматслоўнай атрымалася размова з кіраўніком пярвічнай арганізацыі прафзвязу прадпрыемства Ігарам Павідайка. Кіраўнік прафсаюзнага камітэту «Менсксанаўтатранс» распавёў «Белсату», што не чуў пра сітуацыю са звальненнем кіроўцы.

«Я толькі ўчора даведаўся, што ад нашых кіроўцаў з’явілася скарга. І сёння вось мне паказалі гэты зварот. Але я пакуль не чуў, што камусьці не працягваюць кантракт. Адное, што я пабачыў, гэтае пісьмо напісалі, яно адрасаванае і на імя дырэктара, і на маё імя. Таму не магу каментаваць сітуацыю. Але буду весці перамовы з кіраўніцтвам прадпрыемства», – распавёў «Белсату» Ігар Павідайка.

У сваю чаргу Уладзімір Сіроткін кажа, што не бачыць сэнсу ў тым, каб звяртацца ў прафсаюз, паколькі пазіцыя дзяржаўнай арганізацыі такая ж, як і кіраўніка прадпрыемства.

«Шчыра кажучы, я ўжо і сам не хачу працаваць у такой арганізацыі. Канечне, хочацца нейкай справядлівасці, каб праблема была агучаная, а нам выплацілі тое, што належыць», – адзначыў Уладзімір Сіроткін.

«Палітычная пазіцыя – рабіць выгляд, што праблем няма». Кацярына Барнукова пра фінансавыя наступствы «каранавіруснага псіхозу»

Сяргей Ягораў belsat.eu

Hавiны