За содні ратавальнікі тройчы выязджалі шукаць заблукалых у лесе


26 ліпеня супрацоўнікі МНС тройчы выязджалі на пошукі заблукалых у лесе.

У лясным масіве каля вёскі Рудня Бялыніцкага раёну зніклі 31-гадовая жанчына з дачкой. Магіляўчанка патэлефанавала ў міліцыю, пасля чаго маці з дачкой знайшлі ратавальнікі і супрацоўнікі МУС.

Учора позна ўвечары каля вёскі Тарасікі Барысаўскага раёну знік 76-гадовы мужчына, які пайшоў у лес па грыбы. Міліцыянты і ратавальнікі працягваюць шукаць яго, з мужчынам падтрымліваюць сувязь праз тэлефон.

Як не згубіцца ў лесе

На сайце Міністэрства надзвычайных сітуацыяў ёсць парады, як не згубіцца ў лесе.

  • Трэба апранацца ў яркае адзенне, не будзе лішняй чырвоная кепка, хустка або любы заўважны прадмета
  • Перад выхадам у лес вывучыце мапу мясцовасці, узброіўшыся тэлефонам, навігатарам і мінімальнай аптэчкай. Каб не згубіцца, калі ідзяце кампаніяй, можна скарыстацца свістком. Ён чутны за 2-3 кіламетры
  • У пахмурнае надвор’е паход у лес лепш адкласці. Калі ўсё ж выправіліся, то лепш не ісці аднаму, вывучыць правілы арыентавання, паведаміць сваякам або знаёмым пра маршрут і час перамяшчэння, апрануць зручнае непрамакальнае адзенне і абутак. Таксама трэба ўзяць з сабой тэлефон, ваду, лекі, нож і запалкі
  • Калі вы заблукалі ў лесе, першае, што трэба зрабіць, – зарыентавацца на мясцовасці, вызначыць, дзе можна знайсці ваду і агонь, каб абараніцца ад холаду і арганізаваць начлег
  • Калі ў вас ёсць тэлефон, патэлефануйце ў службу выратавання і паведаміце, з якога населенага пункту вы ўвайшлі ў лес, апішыце, што бачыце навокал. Калі тэлефона няма і не можаце нават прыблізна вызначыць месцазнаходжанне – спыніцеся і супакойцеся. Па магчымасці пейце ваду і рухайцеся да мэты
  • Галоўнае – выйсці да людзей, таму важнымі арыентырамі будуць лініі электраперадачаў, прасекі і сцяжынкі. Калі па дарозе сустрэлі ручай або раку – ідзіце ўніз па плыні. Так вы заўжды выйдзеце да людзей
  • Не трэба выбірацца з лесу ноччу: пачынае цямнець – лепш займіцеся ўладкаваннем месца для начлегу. Для гэтага падыдзе яма ад вывернутага з коранем дрэва. З галінак зрабіце прытулак накшталт будана і подсціл з падручных матэрыялаў. Каб тыя, хто вас шукае, не прайшлі міма – павесьце на кусты кепку, насоўку або ліст паперы, абламайце галінкі, каб прыцягнуць увагу.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў