За салідарнасць – па дзесяць содняў арышту. У Бабруйску судзілі затрыманых падчас «жывога ланцуга»


Суд Бабруйскага раёну і гораду Бабруйска пастанавіў, што трое затрыманых 19 чэрвеня на пікеце салідарнасці вінаватыя ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Гэты тыдзень маладыя людзі правядуць у бабруйскім СІЗА.

Журналістку – распранулі, назіральніка БХК – за краты

Усе тры справы разглядала суддзя Таццяна Тарабуева. Адвакатаў у хлопцаў не было. Прадстаўляць іх інтарэсы родным суддзя не дазволіла.

Адзін з асуджаных – Сяргей Лацінскі, журналіст, назіральнік праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хельсінкскі камітэт», зарэгістраваны ў выбарчай камісіі Ленінскага раёну Бабруска. Ён прысутнічаў на пікеце разам з жонкай Алесяй Лацінскай. Яна – журналістка мясцовага парталу bobr.by, асвятляла акцыю. Разам іх і затрымалі. Як распавядала пазней Алеся, супрацоўнікаў праваахоўных органаў не цікавіла ейнае журналісцкае пасведчанне, што ў пікеце яна не ўдзельнічала, а была там па заданні рэдакцыі.

Сяржук і Алеся Лацінскія.
Фота: Belsat.eu

У УУС Алесю павялі ў пакой асабістага дагляду, дзе прымусілі цалкам распрануцца.

«У гэтым пакоі са мной былі дзве міліцыянткі. Мне сказалі зняць сарафан, станік, і нават майткі, – распавяла Алеся. – Некалькі секунд яны глядзелі на мяне, потым сказалі апранацца. Перад гэтым сказалі, што любая нязгода з загадамі будзе трактавацца як непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі».

Больш нікога з затрыманых так не аглядалі.

«Я лічу, што гэта было зроблена, каб паказаць мне маё месца, прынізіць, і каб запужаць іншых жанчын, маўляў, вось што з вамі можа быць, калі вас затрымаюць на пікеце», – лічыць журналістка.

Алесю адпусцілі пасля складання пратаколу апытання.

«Міліцыянт не дазволіў мне ні з кім паразмаўляць, вывеў мяне на вуліцу, і сказаў: «Ідзі займайся дзіцём»», – кажа Алеся. У сужонкаў Лацінскіх – пяцігадовы сын.

Сяржук і Алеся Лацінскія.
Фота: Belsat.eu

Сяржука Лацінскага пакінулі за кратамі да сённяшняга суда, які вырашыў дадаць яму яшчэ 7 содняў да тых, што ён ужо адбыў: агулам – 10 содняў адміністратыўнага арышту паводле ч.1 арт.23.34 КаАП РБ (удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве).

«Суддзя не слухала абсалютна ніякіх аргументаў – што ён там быў як журналіст і адначасова як зарэгістраваны назіральнік БХК у выбарчай камісіі, – распавяла Алеся, якая выступала на судзе ў Сяржука сведкай. – Яна [суддзя. – Belsat.eu] паўтарала толькі, што ніводзін журналіст не мае права прысутнічаць на акцыі, калі яна несанкцыянаваная».

«Падалося, што гэта міліцыянты праводзілі масавае мерапрыемства – іх было больш»

Уладзімір Міхалап і Ілля Уласаў – прыхільнікі Ціханоўскіх, актывісты ініцыятывы «Краіна для жыцця». Ілля на судзе прасіў, каб жонцы дазволілі быць ягоным прадстаўніком. Суддзя адмовіла, спаслаўшыся на тое, што жанчына не мае юрыдычнай адукацыі.

Малады чалавек спрабаваў давесці, што доказаў ягонага правапарушэння ў судзе так і не было прадстаўлена, на што суддзя адказала, што «няма падставаў не давяраць супрацоўнікам міліцыі».

Iлля Уласаў знаёмiцца з матэрыяламi справы.
Фота: Belsat.eu

Рашэнне – дзесяць содняў арышту.

Уладзімір Міхалап падчас паседжання ў адказ на паказанні сведкі (супрацоўніка міліцыі) сказаў:

«Мне падалося, што гэта міліцыя праводзіла там масавае мерапрыемства – супрацоўнікаў было больш, чым звычайных людзей».

Суддзя зазначыла, што ў дзеяннях Міхалапа ёсць прыкметы супрацьпраўнай дзейнасці, ён ужо раней прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці, таму – дзесяць содняў.

Як стала вядома Belsat.eu, Уладімір Міхалап і Сяржук Лацінскі былі адпраўленыя дадому. Па прыездзе ў ІЧУ ў іх была высокая тэмпература і агульная слабасць. Як кажа Сяржук Лацінскі, ёсць падазрэнне на COVID-19.

– Будзем пакуль лячыцца, а пасля чакаем, калі нас зноў павязуць дасіджваць свае 7 содняў, – кажа Сяржук Лацінскі.

Фота: Belsat.eu

Увечары ў пятніцу, 19 чэрвеня, на вуліцы Менскай у Бабруйску неабыякавыя гараджане выстраіліся ў «жывы ланцуг», каб выказаць сваю салідарнасць з затрыманымі падчас перадвыбарчай кампаніі, а таксама з тымі, хто напярэдадні выйшаў на вуліцы ў Менску (пасля арышту патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі).

Мірная і спакойная акцыя скончылася брутальнымі затрыманнямі. У УУС Бабруйскага гарвыканкаму апынуліся прыкладна дзевяць чалавек. Пазней былі затрыманыя некаторыя з тых, што прыйшлі да будынку УУС падтрымаць арыштаваных. Сярод іх – журналіст мясцовай газеты «Вечерний Бобруйск» Дзяніс Носаў, каардынатарка незалежнага прафсаюзу РЭП па Бабруйску Галіна Смірнова. Іх адпусцілі пасля складання пратаколу апытання.

Фота: Belsat.eu

НА Belsat.eu

Стужка навінаў