За рэпартаж пра невінаватага, які прызнаўся ў крадзяжы, міліцыя распачала справу супраць «Белсату»


Шчучынскія міліцыянты патрабавалі ад Аляксея Шчадрова тлумачэнняў, чаму нашыя журналісты зрабілі матэрыял пра яго.

4 лютага ад Аляксея Шчадрова, вядомага як брат Луіджы, прыехаў участковы, каб узяць тлумачэнні наконт асвятлення нашым каналам ягонага збіцця ў будынку Аддзелу ўнутраных справаў Шчучынскага райвынкаму.

«Ён сказаў, што за здымкі будунку Шчучынскага РАУСу ёсць адміністрацыйная адказнасць. Узялі тлумачэнні ў мяне і ў бедных [гасцей прытулку. – Заўв. «Белсат»], якія выступілі [у сюжэце]», – распавядае Шчадроў.

Паводле Шчадрова, участковы прыехаў па даручэнні падпалкоўніка Сяргея Асовіка, які распачаў супраць яго крымінальную справу ў 2013-м за дзейнасць ад імя незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі.

У Шчучынскім РАУСе нам адмовіліся каментаваць гэтую справу .

«Тэлефануйце заўтра», – адказаў нам дзяжурны.

1 лютага ў будынку Шчучынскага РАУСу некалькі афіцэраў міліцыі збівалі Аляксея Шчадрова і не давалі яму спаць усю ноч, каб ён прызнаўся ў крадзяжы кашальку ў медсястры Шчучынскай раённай больніцы. Каб спыніць гвалт, Шчадроў узяў адказнасць за тое, чаго не рабіў.

Толькі раніцай аператыўнікі, прагледзеўшы запісы з камераў відэаназіраў, сцвердзілі, што Шчадроў не заходзіў на той паверх, дзе знік гаманец.

Рэпартаж Вольгі Чайчыц і Андруся Козела пра гэтае здарэнне выйшаў у эфіры «Белсату» ў нядзелю.

Аляксею Шчадрову – 33 гады. У маладосці ён працаваў фельчарам «хуткай дапамогі». Маючы доступ да лекаў, ён пачаў гандляваць прэпаратамі, якія прадаюцца ў аптэках па рэцэпту. За гандаль наркотыкамі ён адседзеў тры гады. Пасля вызвалення мужчына набыў вясковую хату, дзе зарганізаваў прытулак (не мае афіцыйнай рэгістрацыі), у якім даглядае бяздомных людзей. Мясцовыя чыноўнікі не раз прымушалі Шчадрова зачыніць асяродак, пазалетась супрацоўнікі КДБ зладзілі ў прытулку ператрус.

ДД

Стужка навінаў