«За пяць гадоў – кватэра і машына». Расея спакушае беларусаў Арктыкай


Вадзім Мадэнаў, дырэктар фонду «Арктыка – СД». Фота – postkomsg.com

Расея спадзяецца на дапамогу ў асваенні Поўначы з боку нашай краіны – і абяцае, што праца за Палярным колам стане для беларусаў сацыяльным ліфтам.

Дырэктар Фонду «Арктыка – СД» Вадзім Мадэнаў у размове з прэсавай службай сайту Саюзнай дзяржавы заявіў, што ў Маскве чакаюць на дапамогу ў асваенні Арктыкі з боку «партнёраў і сяброў» – у тым ліку Беларусі.

«У Беларусі, якая знаходзіцца ў сярэдняй паласе, вельмі шмат распрацавана такога, што можа быць запатрабавана пры стварэнні паўночнай інфраструктуры. У Беларусі ёсць і тэхніка для здабычы карысных выкапняў, і самыя высокія тэхналогіі. Тут рыхтуюць спецыялістаў для гарнаруднай прамысловасці, а гэта неабходныя для Арктыкі прафесіі. Мноства беларусаў працуе ў расейскіх натуральных манаполіях, у нафтавых кампаніях, гэта вельмі кампетэнтныя спецыялісты з якаснай адукацыяй», – заявіў Мадэнаў.

Паводле чыноўніка, працэс засваення Арктыкі толькі распачынаецца.

«Перш чымся ісці туды, на Поўнач, мы павінныя падрыхтавацца тут. Ўзброіцца тэхналогіямі жыццядзейнасці, працы, лагістыкі, ўтылізацыі адкідаў. І з гэтага пункту гледжання беларускія вытворчыя рэсурсы, яе навуковая база могуць прынесці велізарную карысць», – працягвае Мадэнаў.

Беларускіх ахвотнікаў адправіцца ў Арктыку ў межах праграмы пакуль няма: фонд не рабіў яшчэ публічных прапановаў, кажа чыноўнік. Аднак, у яго «ёсць адчуванне, што патэнцыйных кандыдатаў будзе шмат» – дзякуючы высокім заробкам.

«Магчымасцяў знайсці годную працу ў нашай паласе ўсё менш і менш. Тыповая сітуацыя: хлопец заканчвае Баўманскі інстытут, а потым, каб пракарміць сям’ю, ідзе гандляваць мабільнымі тэлефонамі. І я ўпэўнены, попыт на працу ў Арктыцы і сярод расейцаў, і сярод беларусаў будзе вельмі вялікім, – кажа Мадэнаў. – Гэта новы свет, гэта новыя тэхналогіі, там працы – непачаты край. Бо як было ў СССР? Чалавек паехаў «на поўнач», 5–6 гадоў папрацаваў, вярнуўся – набыў кватэру, машыну, уладкаваўся працаваць на добрае месца. У будучыні будзе тое ж самае».

Аўтобус МАЗ беларускай вытворчасці ў Нарыльску, самым паўночным горадзе свету з насельніцтвам 150 тысячаў чалавек. Фота – Anton Novoderezhkin/TASS/Forum

Пра распрацоўку праграмы Саюзнай дзяржавы «Арктыка – СД» стала вядома летась. Мэта праекту – асваенне прыродных запасаў паўночных рэгіёнаў, развіццё тэхналагічнай інтэграцыі, стварэнне новых змазачных матэрыялаў, якія забяспечваюць працу механізмаў у складаных умовах надвор’я.

Базавая пляцоўка для рэалізацыі праекту – Мурманскі арктычны дзяржуніверсітэт. Семінары ў межах праграмы ладзяцца таксама ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце.

ДД

Стужка навінаў