«Працу мары» праглядальніка серыялаў могуць атрымаць некалькі чалавек... але толькі на месяц


Відэасэрвіс «Voka» распачаў кастынг на адмыслоўца для прагляду расейскіх стужак. Усяго з больш як 2500 аплікантаў абралі больш за 100, якія маюць прайсці праз суворы адбор журы.

Мы высветлілі падрабязнасці конкурсу ў начальніка аддзелу карпаратыўных камунікацыяў «Velcom» Мікалая Брэдзелева.

Праца на месяц

Праглядаць расейскія серыялы шчасліўчыку давядзецца ўсяго толькі цягам аднаго месяца. Таму арганізатары імкнуліся разважліва падысці да падбору кандыдатаў.

«Мы адсартавалі больш за 100 заявак. Для нас не быў важны ўзрост ці сацыяльны статус, але былі свае крытэрыі. Было вельмі шмат студэнтаў. Вядома, мы не супраць, але цяпер час сесіяў, а праца забірае час».

Фота з кастынгу VOKA.TV, Facebook Мікалая Брэдзелева

Аплікавалі людзі і з сталым месцам працы ды нават замежнікі.

«Мы атрымлівалі заяўкі ад тых, хто нават расейскаю не валодае, гэта было відаць з рэзюмэ. Праца без ведання мовы немагчымая. Найперш нам было важна, як апісваў сябе чалавек, ягоныя матывы. Былі і тыя, хто пісаў проста «хачу», але проста хачу – мала».

Найлепшага выбірае журы

У журы: вядомы рэжысёр і прадзюсар Андрэй Курэйчык, псіхолаг, кіраўнік Voka.tv і вядомы HR-эксперт. Для кандыдатаў яны падрыхтавалі адмысловыя пытанні.

«Гэта можна назваць нават практычнымі заданнямі. Мы рыхтаваліся да кастынгу. Калі нехта пісаў, што перагледзеў усе сезоны нейкага серыялу, мы рыхтавалі адмысловыя пытанні».

Што трэба будзе рабіць на «працы мары»

Усяго праглядальнік мае адгледзець каля 20 серыялаў.

«Гэта не толькі прэм’еры. Праглядальнік будзе адглядаць мінімум адзін сезон фільмаў і серыялаў у новым пакеце Start.ru. І гэта не проста нейкія прахадныя стужкі, а сапраўды годнае кіно».

Колькі ўсяго праглядальнікаў плануюць прыняць

Паводле Мікалая Брэдзелева, пакуль у планах адзін чалавек, але ўсё можа змяніцца цягам кастынгу.

Агулам кампанія не разлічвала на гэткую папулярнасць вакансіі, таму, каб конкурс быў празрысты, Voka.tv падрыхтавала неспадзяванку.

«З пачатку мы думалі правесці закрытае суразмоўе, але, як пабачылі, што інтарэс настолькі высокі, пастанавілі зняць шоу, як людзі змагаюцца за «працу мары». Першая серыя выйдзе ў канцы снежня».
Пераможцу абяруць ужо 21 снежня, аднак мы даведаемся імя першага беларускага праглядальніка серыялаў у адмысловым праекце ад відэасэрвісу. Серыі будуць выкладвацца на платформе Voka.tv у свабодным доступе.
Стужка навінаў