«За праўду без арыштаў». Белсат і Украінскі саюз журналістаў правядуць круглы стол салідарнасці


Круглы стол Белсату і Украінскага саюзу журналістаў

Медыя-эксперты, беларускія і ўкраінскія журналісты 1 снежня ў Кіеве абмяркуюць крытычную сітуацыю, якая склалася ў Беларусі са свабодай слова.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года ў Беларусі значна ўзмацніўся ціск на незалежных журналістаў і медыя ў цэлым. Блакаванне інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў, закрыццё рэдакцый, вялізныя штрафы і арышты па надуманых прычынах – усё гэта сённяшняя рэальнасць не толькі для Менску, але і для рэгіёнаў.

«Белсат TV» – адзіны незалежны беларускі тэлеканал. Дзясяткі яго журналістаў, якія працуюць у Беларусі, у розны час прайшлі праз камеры мясцовых СІЗА і заплацілі больш за 118 тысяч долараў разнастайных штрафаў за магчымасць гаварыць праўду.

Сёння ў засценках беларускіх турмаў застаюцца трое журналістаў «Белсат TV» – Дар’я Чульцова, Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш. Кацярына і Дар’я атрымалі два месяцы арышту за працу на адной з акцый пратэсту. Новы год яны сустрэнуць у зняволенні. Ігару прад’яўленыя аналагічныя абвінавачванні і прызначана 15 сутак арышту.

– Мы хочам прыцягнуць увагу грамадскасці, у тым ліку міжнароднай, да лёсу карэспандэнтаў, якія сёння знаходзяцца ў турмах Беларусі, таму сумесна з Нацыянальным саюзам журналістаў Украіны праводзім круглы стол салідарнасці з беларускімі калегамі. Спадзяемся, што міжнародны рэзананс дапаможа хутчэй прымусіць рэжым Лукашэнкі вызваліць Кацю, Дашу, Ігара і іншых журналістаў, – кажа намеснік дырэктара тэлеканалу «Белсат TV» Аляксей Дзікавіцкі.

У круглым стале возьмуць удзел прадстаўнікі Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Нацыянальнага саюзу журналістаў Украіны, Польскай асацыяцыі журналістаў.

У ходзе мерапрыемства яго ўдзельнікі раскажуць аб канкрэтных фактах перашкодаў журналісцкай дзейнасці ў Беларусі, у прыватнасці, аб справе Кацярыны Андрэевай, Дар’і Чульцовой і Ігара Ільяша.

Паглядзець трансляцыю круглага стала можна будзе на Фэйсбук-старонцы тэлеканалу «Белсат TV» 1 снежня ў 10 гадзін паводле кіеўскага і 11 гадзін паводле менскага часу.

Стужка навінаў