За пратэст супраць інтэграцыі жыхара Віцебску аштрафавалі на 675 рублёў


Віцябляніна Алега Паўлава аштрафавалі за ўдзел у вулічнай акцыі 29 снежня, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Суд Чыгуначнага раёну Віцебска аштрафаваў Алега Паўлава на 25 базавых велічыняў (675 рублёў). Разгляд адміністратыўнай справы яшчэ аднаго віцебскага актывіста, Аляксея Прохарава, перанесены на іншы дзень, бо ў пратаколе выявілі недахопы: пераблытаны артыкул КаАП, паводле якога яго судзяць.

29 снежня на плошчы Перамогі ў Віцебску каля двух дзясяткаў чалавек сабраліся, каб выказаць нязгоду з паглыбленнем інтэграцыі з Расеяй. Акцыя прайшла без затрыманняў, аднак потым удзельнікі атрымалі пратаколы за «удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

Цягам снежня ў Менску прайшло 5 акцый у падтрымку незалежнасці, удзельнікам прызначалі штрафы і адміністратыўныя арышты.

10 студзеня кампанія #BY_help 10 праз краўдфандынгавыя платформы MolaMola і Facebook сабрала больш за 16,4 тысячы долараў, якія пойдуць на аплату штрафаў пратэстоўцам.

КА belsat.eu

Стужка навінаў