За перадрук допісаў пра акцыі анархістаў і «дармаедаў» – больш за 360 рублёў штрафу


Суд Кастрычніцкага раёну Горадні прызнаў вінаватым Уладзіслава Сераду ў «экстрэмізме» за перапост у сацыяльнай сетцы Вконтакте трох матэрыялаў са спасылкамі на іншыя рэсурсы. Суддзя пакарала юнака штрафам у памеры 15 базавых велічыняў, альбо 367,5 рубля.

Уладзіслаў Серада на судзе патлумачыў, што робячы перапост, не бачыў нічога кепскага ў звычайных інфармацыйных матэрыялах і нават не мог падазраваць, што яны могуць трактавацца як экстрэмісцкія. У адным з матэрыялаў расказвалася пра акцыю маскоўскіх анархістаў у падтрыманне беларускіх анархістаў, у іншых двух – пра акцыі супраць указу аб «дармаедстве», якія адбываліся ў Беларусі ў 2017 годзе.

Сваёй віны ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння Уладзіслаў Серада не прызнаў. Юнак лічыць, што размяшчаў у сацыяльнай сетцы па-сутнасці звычайныя інфармацыйныя матэрыялы. У сваю чаргу гарадзенскія праваабаронцы, якія вялі маніторынг судовага працэсу, перакананы, што такія адміністрацыйныя справы маюць абсурдны характар, юрыдычна абсалютна нематываваныя і ёсць палітычным пераследам грамадзянаў за іншадумства.

Уладзіслаў Серада разам з сваім адвакатам мае намер абскардзіць гэтае рашэнне ў судзе касацыйнай інстанцыі.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў