За патрабаванне дэкрыміналізаваць лёгкія наркотыкі суд пакараў штрафамі


2 красавіка 2018 года. Акцыя за дэкрыміналізацыю лёгкіх наркотыкаў у Менску. Фота – Ірына Арахоўская / Белсат

Так улады помсцяць за ўдзел у акцыю за дэкрыміналізацыю лёгкіх наркотыкаў.

Суддзя Віктар Уладзіміравіч Казак з суду Маскоўскага раёну Менску прысудзіў актывісту Пятру Маркелаву штраф у 25 базавых велічыняў.

Пасля прысуду Пятро Маркелаў сказаў «Белсату», што задаволены, што далі штраф, а не суткі.

«Не тое цяпер надвор’е, каб на Акрэсціна сядзець», – сказаў Маркелаў.

Актывіст, аднак, збіраецца абскарджваць прысуд.

У панядзелак на менскую плошчу Леніна выйшла 14 чалавек з патрабаваннем зменаў у артыкул 328 – адмены пакарання за ўжыванне лёгкіх наркотыкаў. Яны трымалі ў руках вялікія літары, якія склаліся ў слова «дэкрыміналізацыя». Акцыя цягнулася адну хвіліну: калі на плошчы з’явіліся міліцыянты, удзельнікі акцыі сышлі ў падземны пераход.

Паводле беларускага заканадаўства, за ўжыванне лёгкіх наркотыкаў можна атрымаць 8 гадоў турмы.

На наступны дзень міліцыя пачала затрымліваць некаторых удзельнікаў акцыі.

3 красавіка каля 14:00 каля свайго дому затрымалі Алеся Таўстыку. Пасля 15:00 знікла сувязь з Пятром Маркелавым. А 16:15 на вуліцы затрымалі Вячаслава Касінерава (яму таксама далі штраф у памеры 25 базавых велічыняў).

Справу Вячаслава Касінерава таксама разглядалі ў судзе Маскоўскага раёну (суддзя – Таццяна Яраславаўна Матыль; яна часта вядзе палітычныя справы).

Касінерава цэлы дзень не выпускалі з залы суда – нават у прыбіральню. Адзінае, што ён з’еў сёння зранку – талерка грэчневай кашы. Актывіст выглядае на стомленага, ён сцвярджае, што ўночы амаль не спаў.

Увечары аўторка Алесь Таўстыка атрымаў штраф у памеры Br 367,5 (15 базавых велічыняў). Праваабарончы цэнтр «Вясна» іранізуе, што столькі каштуе хвіліна мірнага сходу.

Касінераў і Маркелаў правялі ноч у ізалятары часовага затрымання на вуліцы Акрэсціна.

ДД

Глядзі таксама
Каментары