За няякасныя паслугі ЖКГ плаціць будуць не карыстальнікі, а камунальнікі


Намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Кухараў паведаміў, што аплату для насельніцтва за няякасна аказаныя жыллёва-камунальныя паслугі будзе зніжана. Урад ужо падрыхтаваў адпаведны нарматыўны прававы акт. Паводле словаў намесніка прэмʼера, арганізацыя, якая не забяспечвае якаснае прадстаўленне паслугаў, будзе часткова кампенсаваць іх аплату. У прыватнасці, такое новаўвядзенне па аплаце можа зʼявіцца на паслугі па водазабеспячэнні.

Гэтая праблема даволі актуальная ў нашай краіне. Досыць часта, асабліва пасля прафілактычных працаў, з кранаў у шматкватэрных дамах цячэ брудная вада, якая непрыдатная для ўжывання.

Віцэ-прэмʼер адзначыў, што да 2025 года беларусы будуць цалкам забяспечаныя якаснай пітной вадой. Для гэтага ў краіне будзе будавацца каля 1 340 станцый абезжалезвання, ужо ў 2019 годзе плануецца запусціць не менш 260 такіх станцый.

«У бліжэйшыя некалькі гадоў з улікам дамоўленасцяў з міжнароднымі банкамі, якія гатовыя даць крэдыты для вырашэння праблемы, гэтая задача будзе вырашана», – рэзюмаваў Уладзімір Кухараў.

Акрамя таго ўрад анансуе ўдасканальванне падыходаў да капітальнага рамонту. Падрыхтаваны праект указу па правядзенню цеплавой мадэрнізацыі, праўда, працы будуць праводзіцца сумесна з жыльцамі. Сярод іншых мэтаў таксама замена ліфтаў у жылфондзе і перавод кацельняў на мясцовыя віды паліва.

Адной з галоўных задач у 2019 годзе перад арганізацыямі сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі будзе зніжэнне выдаткаў.

«Мы бачым вельмі вялікі рэзерв у жыллёва-камунальнай гаспадарцы для зніжэння выдаткаў. Трэба зрабіць усё для таго, каб знізіць выдаткі, натуральна, гэта будзе адбівацца на тарыфах для насельніцтва», – сказаў Уладзімір Кухараў.

Анансуецца і ўвядзенне новых падыходаў да збору і перапрацоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў.

«Збор і перапрацоўка другасных матэрыяльных рэсурсаў – гэта вельмі важная задача для краіны, і мы тут маем вельмі шмат працы. Таму ў бліжэйшы час будзе прыняты шэраг нарматыўных пастановаў, каб паўсюдна быў забяспечаны збор другасных матэрыяльных рэсурсаў і паглыбленая перапрацоўка», – адзначыў Уладзімір Кухараў.

Hавiны
У 2019 годзе ўзровень кампенсацыі за паслугі ЖКГ вырасце больш за 80 адсоткаў
2018.12.26 19:09

СК, belsat.eu

Стужка навінаў