За нявыплату сацабароны ў прадпрымальніцы хочуць адабраць маёмасць яе маці

ВІДЭА

У снежні 2014-га года Ганна Дашкіна адчыніла маленькую краму рытуальных паслугаў у адным з гандлёвых цэнтраў у Горадні. Каб адкрыць свой бізнес, жанчына пазычыла грошы ў сяброўкі. Доўг выплаціла, аднак на аплату абавязковай для ўсіх ІП сацабароны грошай не хапала і яна папрасіла адтэрміноўку. За тры гады набегла немалая сума, якую Фонд сацабароны збіраецца спагнаць з прадпрымальніцы.

«Я напісала ўлетку паперу, што буду плаціць, калі будзе магчымасць. Пачала плаціць, але эканамічная сітуацыя пагоршылася. Мне не заўсёды на хлеб хапае. Я перастала плаціць. Судовы выканаўца пачаў мяне запужваць, маўляў, калі не заплаціце, мы ў вас усё канфіскуем і апішам вашыя рэчы. У мяне ўжо арыштавалі разліковы рахунак, заблакавалі тэлефон і я не выязная, бо не плачу сацабарону – грошы, якія невядома, куды ідуць. Штампа ў працоўнай кніжцы мне не ставяць, стаж не ідзе. Праўда, я не ведаю ці ўвогуле дажыву да пенсіі», – распавядае Ганна Дашкіна.

Судовы выканаўца таксама пагражаў па тэлефоне, што, калі ён прыйдзе і нікога не будзе ў хаце, то давядзецца ўзламаць дзверы і апісаць маёмасць. Аднак дом, дзе жыве спадарыня Ганна, толькі на адну дзясятую належыць ёй. Усё, што ёсць – маёмасць маці.

«Што ў мяне апісваць? У мяне толькі тэлевізар стары стаіць. Сказалі, што будуць дзверы ламаць. Гэта мяне вельмі абурыла. Я адкрылася 1 снежня 2014 года. Мне адразу далі паперку і яшчэ цягам двух месяцаў бегала і афармлялася, арэнду, у падатковых, але сацыялка ўжо цякла. Я яшчэ не працавала, а грошы трэба было плаціць. Я думала, папрацую, бізнес пойдзе і буду плаціць. Але гандаль ідзе не проста слаба, а вельмі вельмі слаба. Сітуацыя не проста дрэнная, а патавая. Няма выхаду», – кажа прадпрымальніца.

Чаму нельга адмовіцца ад пенсіі?

Сітуацыя з аплатамі сацабароны хвалюе індывідуальных прадпрымальнікаў ужо даўно. Паводле закону адмовіцца ад пенсіі і аплаты ўзносаў ІП немагчыма. Аплата сацабароны не дае ІП працоўнага стажу і ў выніку яны маюць самую мінімальную пенсію.

«Мы дагэтуль б’емся па гэтым пытанні. Мы ўжо даўно казалі, што гэта не справядліва. Калі чалавек не працуе, ён не павінен плаціць. Мы прапановы ўносілі ўжо не раз: не працуеш, не плаціш. Людзі плацяць, нібыта на пенсіі, але пытанне ў тым, што яны атрымаюць пасля. А пасля яны маюць вельмі нізкую пенсію. Яны самі кажуць, што ім лепш увогуле не плаціць. Нашу прапанову падтрымалі нібыта ў межах законапраекту, але яна знаходзіцца на разглядзе ўжо паў гады, калі не болей. І пакуль няма адказу», – каментуе Анатоль Шумчанка, лідар РГА «Перспектыва».

Замкнёнае кола

 

 

Каб вярнуць доўг жанчына хацела аформіць крэдыт, аднак з прычыны таго, што яна ІП, грошай ёй не даюць.

«Я хацела ўзяць крэдыт, думала аплачу сацыялку. Але, калі даведваюцца, што я ІП, адразу адмаўляюць. Калі б была фізічнай асобай, то далі б. Кажу, дык дайце, як фізічнай асобе. Але Вы ІП. І атрымліваецца тупік. Я ні грошай не магу ўзяць, ні заняць у кагосьці, таму што гэта вялікія грошы – Br 1800. З мяне хочуць вытрасці, нават тое, што не маё», – кажа спадарыня Ганна.

Праз доўг зачыніць ІП спадарыня Ганна не можа.

Глядзіце таксама: Улады прыдумалі новы спосаб выцягнуць грошы з гандляроў

ПВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары