За надпісы «Не забудзем» асудзілі тых, хто аддаў даніну памяці. Справы за гібель Тарайкоўскага дагэтуль няма


Вынесены прысуд за надпіс «Не забудзем» у Фрунзенскім судзе. За аднаўленне надпісу «Не забудзем» на месцы гібелі Аляксандра Тарайкоўскага ля метро «Пушкінская» у Менску 26-гадоваму Максіму Паўлюшчыку прысудзілі два гады калоніі агульнага рэжыму, – а 25-гадовай Марыі Бабовіч – паўтара года абмежавання волі, паведамляе «Свабода».

Суддзя – Юлія Блізнюк.

Пяцярых людзей абвінавачвалі па двух артыкулам Крымінальнага кодэксу – ч. 2 арт. 339 (хуліганства) і ч. 2 арт. 218. (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанні маёмасці ў буйным памеры). Усе яны прызнаныя палітвязнямі.

Пацярпелым па справах прызнаны «Гаррамаўтадар Менгарвыканкаму». Памер першапачатковай шкоды, якую нібыта нанеслі надпісы, ён паменшыў амаль у 40 разоў ад першапачатковай сумы.

Пракуратура назвала надпіс «Не забудзем» «цынічным».

Максім Паўлюшчык і Марыя Бабовіч. Калаж з фота: Максім Паўлюшчык і Марыя Бабовіч / vk.com

У судзе Паўлюшчык заявіў, што сваякі ўжо выплацілі суму нанесенай ім шкоды. Адвакат Бабовіч таксама прадставіў касавы чэк аб кампенсацыі выдаткаў.

Максім на судзе сказаў, што насуперак паказанням сведкі затрымання ён быў цвярозы і не думаў, што за гэтыя дзеянні можа быць такая адказнасць. На судзе хлопец раскаяўся і не змог патлумачыць, чаму ён гэта зрабіў, але дадаў, што «хацеў ушанаваць памяць пра чалавека».

«Тое, што адбываецца ў краіне, я лічу няправільным», – сказаў Паўлюшчык.

У бацькоў Максіма другая група інваліднасці і на сёмым месяцы цяжарнасці знаходзіцца нявеста. 15 лістапада яны павінны былі згуляць вяселле.

Марыя пацвердзіла паказанні Паўлюшчыка і заявіла, што не ўтойвалася ад супрацоўнікаў міліцыяй ды сама праехала ў РУУС.

«Я думала, што за гэта максімум можа быць штраф, але гэта дакладна не крымінальная справа. Усё гэта было зроблена не з хуліганскіх меркаванняў, а каб ушанаваць памяць забітага Тарайкоўскага», – адказала Марыя.

На судзе адвакат зачытаў заключэнне аб «цынічнасці надпісу». Лінгвіст і прафесар Лукашэвіч падкрэсліў, што надпіс «Не забудзем» не ўтрымлівае цынічнасці ці абразы пачуццяў грамадзянаў і не нясе ў сабе маральнай шкоды.

«Гэты выраз адносіцца да нейтральнай лексікі расейскай мовы», – заявіў адвакат. Аднак суд адхіліў далучэнне гэтых матэрыялаў да справы.

Марыю Бабовіч, якой далі 1,5 гады хіміі, выпусцілі з залі суду.
Фота: belsat.eu

Чакаецца прысуд па другім судовым паседжанні, дзе разглядаліся справы Дзяніса Граханава, Ігара Самусенкі і Уладзіслава Гуліса. Усім ім выставілі абвінавачванне за аднаўленне надпісу «Не забудзем». Трое адвакатаў падсудных заявілі хадайніцтва аб змяненні меры стрымання, але суддзя іх не задаволіла.

«Чалавек загінуў, а крымінальную справу не пачалі, і гэта мяне, як і многіх людзей, абурыла», – сказаў на паседжанні Дзяніс Граханаў.

  • Аляксандр Тарайкоўскі быў забіты 10 жніўня. Ёсць некалькі відэа, якія сведчаць, што гэта маглі зрабіць прадстаўнікі сілавых ведамстваў.
  • Крымінальную справу за забойства дагэтуль не пачалі.
Стужка навінаў