За месяц ініцыятыва «Ineedhelp» дапамагла 147 сем'ям, што пацярпелі ад уладаў


Лога ініцыятывы

На старонцы праекту валанцёры з усяго свету могуць адрасна дапамагчы тым, хто страціў працу ў выніку забастовак, пратэстаў і барацьбы з дзейным рэжымам. «Мы не можам быць цяпер дома і стаяць побач з нашымі сябрамі. Дык давайце дапаможам тым, чым мы можам!» – напісана ў суполцы праекту.

«Мы пераводзілі грошы ва ўсе магчымыя фонды, але хацелася дапамагчы землякам тут і цяпер. Мы дапамагаем усім, хто стаўся ахвярай палітычных рэпрэсіяў: хто быў звольнены за свае погляды і перакананні, хто пацярпеў падчас мірных акцый пратэсту, – распавёў Belsat.eu стваральнік ініцыятывы Піліп Гаўрышаў, які цяпер жыве ў ЗША. – Калі ў цябе галадаюць жонка і дзеці, то які ты рэвалюцыянер і як ты можаш выказваць сваю пазіцыю, калі твая сямʼя не можа закрыць самых базавых патрэбаў. Шмат хто застаецца ў турме, семʼям больш складана зарабіць, таму мы пастанавілі падтрымліваць семʼі – мы набываем прадукты. Каб нейкі час людзям не балела галава хаця б пра тое, што яны будуць есці».

Людзі сустракаюць вызваліўшыхся з СІЗА ў Жодзіна сваякоў і сяброў. Даакола стаяць валанцёры, якія гатовыя развозіць людзй па дамах. Жодзіна, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / vot-tak.tv / belsat.eu

Сутнасць дапамогі такая: адзін чалавек (дапамагаты) бярэ «шэфства» над адной ці некалькімі семʼямі і набывае для іх прадукты на два тыдні, папярэдне ўдакладняючы, колькі дзяцей у сямʼі, ці ёсць на нешта алергіі ды іншыя важныя нюансы. Ён ці яна самастойна аплачвае куплю і афармляе замову на адрас сямʼі.

Браць удзел у праекце можа чалавек з любой краіны: «Спачатку мы разлічвалі, каб памочнікамі былі людзі за мяжой Беларусі, якія хочуць падтрымаць землякоў. У нас ёсць заяўкі з розных краін – геаграфія вельмі шырокая: ЗША, Азія, Еўропа. Мы намагаліся абʼяднаць беларусаў з усяго свету, каб дапамагаць адно аднаму. Гэта фенаменальна. Цяпер людзі стаяць у чарзе, каб дапамагчы. Семʼі забіраюць за 2 хвіліны».

Людзі сустракаюць вызваліўшыхся з СІЗА ў Жодзіна сваякоў і сяброў. Даакола стаяць валанцёры, якія гатовыя адвозіць вызваленых да дому. Жодзіна, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Заяўкі, дасыланыя ў праект, спачатку правяраюць, а потым перадаюць валанцёрам: «Вядома, мы не набываем прадуктаў для ўсіх запар. Ёсць пэўная верыфікацыя. За месяц мы дапамаглі 147 семʼям. Прычым не толькі людзям, а яшчэ і 7 сабакам, 6 коткам і адной чарапасе», – кажа Піліп.

Нядаўна праект запусціў чат-бот у тэлеграме – @INeedHelpBY_bot, каб больш аператыўна збіраць звесткі пра тых, каму патрэбная дапамога. «Бот аўтаматызаваў перадаванне звестак пра пацярпелыя семʼі валанцёрам. Цяпер не трэба апрацоўваць заявак асабіста, і людзі могуць атрымаць дапамогу хутчэй».

«Мы ўжо дапамаглі некалькім семʼям, якія былі вымушаныя зʼехаць з Беларусі. Ёсць запыты з Польшчы і Украіны. Некаторыя зʼязджаюць гэтак, што ім грошай хапае толькі на жытло, але на ежу ўжо няма. Мы дапамагаем усім, хто патрапіў у цяжкія абставіны ў гэтыя складаныя часы», – адзначыў стваральнік «Ineedhelp».

Абноўлена
У Менску стыхійныя пікеты і затрыманні. Кампаніі і крамы абвяшчаюць скарочаны працоўны дзень
2020.09.23 13:15

Праект будзе працаваць, пакуль у беларускіх семʼяў застанецца патрэба ў падтрыманні. «Бывае, што людзі саромеюцца казаць, што ім патрэбная дапамога. Мы просім кожнага пацярпелага ад палітычных рэпрэсіяў, хто цяпер перажывае складаныя часы, не сціплічаць і звяртацца ў праект. Нашыя валанцёры з радасцю падтрымаюць кожнага, хто мае патрэбу», – падкрэсліў Піліп Гаўрышаў.

  • Ад 9 жніўня ў Беларусі працягваюцца няспынныя пратэсты, на нядзельных акцыях колькасць удзельнікаў рэгулярна перавышае 100 тысяч чалавек. Супраць дэманстрантаў улады ўжываюць гвалт і затрыманні. Паводле падлікаў праваабаронцаў, з пачатку выбараў у Беларусі былі затрыманыя больш за 14 тыс. чалавек, шмат з іх былі збітыя, некаторыя былі згвалтаваныя, па меншай меры 6 чалавек загінулі. Паводле крымінальных справаў затрыманыя больш за 250 чалавек.
Стужка навінаў