За інтэрв'ю «Белсату» Насця Рыбка папрасіла $ 1000


Нам прапанавалі заплаціць 66 000 расейскіх рублёў за магчымасць паразмаўляць з Насця Рыбкай. Столькі ж каштавала б арганізацыя інтэрв’ю з Алексам Леслі.

На наш запыт да прадстаўнікоў Насці Рыбкі аб інтэрв’ю са скандальнай беларускай рэдакцыя атрымала два прыклады дамоваў.

Згодна з першым бланкам, арганізацыя інтэрв’ю каштавала б нам 66 тысячаў расейскіх рублёў (каля $ 1000), якія нам запрапанавалі заплаціць Мікалаю Вашукевічу, імавернаму сваяку Рыбкі.

Другі дакумент прадугледжваў аплату паслугаў юрыста ў памеры 33 тысячаў рублёў (каля $ 500). Іх меўся выканаць Дзмітрый Зацарынскі, адвакат Насці Рыбкі.

Абодва фармуляры мы атрымалі ад памочніцы Зацарынскага.

Гэта азначае, што размова і з Рыбкай, і Леслі каштавала б $ 3000.

Такія ж прапановы атрымалі таксама журналісты іншых выданняў, якія звярнуліся да прадстаўнікоў Насці Рыбкі.

Мы не ведаем, ці хтосьці з нашых калегаў пагадзіўся на гэткія ўмовы, але публікацыяў размоваў з Рыбкай мы не знайшлі.

Нашая рэдакцыя не збіраецца плаціць за інфармацыю.

Хто такая Насця Рыбка

Нарадзінка Бабруйску Насця Рыбка (сапраўднае імя – Настасся Вашукевіч) стала вядомай пасля расследавання Аляксея Навальнага, прысвечанага сувязям алігарха Алега Дзерыпаскі з віцэ-прэм’ерам Расеі Сяргеем Прыходзькам.

Асноўнай крыніцай інфармацыі для Навальнага стаў «Instagram» беларускі і яе кніга «Дзённік па спакушэнні мільярдэра, або Клон для алігарха». Фота – litres.ru

У лютым 2018-га Рыбку затрымалі ў Тайландзе разам з «секс-інструктарам» Алексам Лэслі (таксама беларусам Аляксандрам Кірылавым), іх абвінавацілі ў незаконным правядзенні секс-трэнінгу. Пасля 9-месяцаў у турме іх дэпартавалі ў Беларусі, але ўвечары 17 студзеня расейская паліцыя затрымала беларусаў у транзітнай зоне «Шарамеццева».

Настасся Вашукевіч чакае вылету ў Менск ў бангкокскім аэрапорце. Фота з сацыяльных сетак Насці Рыбкі

Супраць іх распачалі крымінальную справу за «уцягванне ў заняцце прастытуцыяй». Аляксей Навальны заяўляе, што затрыманне Рыбкі замовіў асабіста Алег Дзерыпаска.

22 студзеня Рыбку і Лэслі вызвалілі з турмы пад падпіску аб яўцы. У той ж дзень з’явілася інфармацыя, што вызваленнем займалася беларускае МЗС па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі.

Аднак 23 студзеня адвакат беларускі Дзмітрый Зацарынскі адзначыў, што яго здзівіла інфармацыі пра тое, што прадстаўнікі беларускай дыпламатыі вызвалілі Рыбку.

«Іх не бачыў ні я, ні Настасся Вашукевіч. Яны да яе не звярталіся», – заявіў Зацарынскі.

ДД

Стужка навінаў