За хатні гвалт міліцыянты склалі сёлета 45 тыс. пратаколаў – палова ахвяраў забрала заявы


[vc_row][vc_column][vc_raw_html]JTNDaWZyYW1lJTIwd2lkdGglM0QlMjI1NjAlMjIlMjBoZWlnaHQlM0QlMjIzMTUlMjIlMjBzcmMlM0QlMjJodHRwcyUzQSUyRiUyRnd3dy55b3V0dWJlLmNvbSUyRmVtYmVkJTJGZktLa3NFMXlaemMlMjIlMjBmcmFtZWJvcmRlciUzRCUyMjAlMjIlMjBhbGxvd2Z1bGxzY3JlZW4lM0UlM0MlMkZpZnJhbWUlM0U=[/vc_raw_html][vc_column_text]Пра гэтую праблему казаць услых у Беларусі ўсё яшчэ не прынята. Ахвярам хатняга гвалту прызнацца ў крытычнай сітуацыі часта вельмі складана.

Між тым рэальнаю дапамогаю безабаронным ва ўласнай сям’і мусіць быць эфектыўнае і комплекснае заканадаўства. Менавіта прававыя хібы актывісты шэрагу грамадскіх аб’яднанняў абмяркоўвалі сёння ў сталіцы.

Сямейныя скандалы, збіццё, шантаж – хатні гвалт – гэта не толькі фізічныя пашкоджанні. Чатыры з пяці жанчын у Беларусі зазнаюць гвалт эканамічны і псіхалагічны, але не кожная ахвяра гэта ўсведамляе і не кожная пойдзе скардзіцца – маўляў, смецце з хаты не выносяць. А ў выніку – застаюцца без абароны.

А між тым, у нашай краіне ёсць адмысловае заканадаўства, якое мае ў гэтых справах дапамагаць. Яго, а таксама неабходнасць прыняць спецыялізаваны Закон «Аб хатнім гвалце» абмяркоўвалі падчас адмысловага круглага стала ў Менску.

ІРЫНА АЛЬХОЎКА, «ГЕНДАРНЫЯ ПЕРСПЕКТЫВЫ»:
«Мы прапаноўваем прыняць закон больш комплексны, спецыялізаваны, які б утрымліваў паняткі гвалт у сямʼі, які б утрымліваў разнастайныя формы».

Сярод плюсоў існага права эксперты адзначылі тое, што гвалтаўніку могуць забараніць падыходзіць да ахвяры ці нават часова выселіць з агульнае кватэры. Але ў заканадаўстве, напрыклад, увогуле адсутнічае паняцце «эканамічны гвалт».

ІРЫНА АЛЬХОЎКА, «ГЕНДАРНЫЯ ПЕРСПЕКТЫВЫ»:
«Ёсць забарона на працу па-за домам – мужчына лічыць, што ён яе раўнуе. Калі ён кантралюе ўсе яе выдаткі – яна павінна даваць справаздачу, што яна купіла сабе на абед, за колькі кофтачку, колькі грошай яна паклала сабе на тэлефон».

Паводле звестак МУС, за 10 месяцаў гэтага года ахвярамі хатняга гвалту сталіся каля 2 тыс. чалавек, з іх абсалютная большасць – жанчыны. Загінулі ж амаль 100 асобаў.

Для ахвяраў хатняга гвалту стварылі агульнанацыянальную лінію дапамогі – тэлефанаваць можна вось на нумар 8801-100-88-01. Найчасцей, як паказвае статыстыка, месца мае псіхалагічны гвалт – застрашванне ці пастаянныя сваркі. Фізічны гвалт зазнае штотрэцяя жанчына, а штодругая – эканамічны.

Але зноў жа – паўтараюць эксперты – па дапамогу звяртаецца толькі кожная другая жанчына-ахвяра гвалту.

ВОЛЬГА ГАРБУНОВА, ГРАМАДСКАЕ АБ’ЯДНАННЕ «РАДЫСЛАВА»:
«Ім не хапае нейкіх дзейных эфектыўных механізмаў абароны. Часта агрэсар атрымлівае адміністратыўны штраф, грошы ідуць з сямейнага бюджэту. Гэта не абараняе пацярпелую ў далейшым і яна не бачыць сэнсу звяртацца ў далейшым».

Мы спыталі менчукоў, што яны ведаюць пра гвалт.

«Калі бацькі бʼюць сваіх дзяцей не за тое, што яны сваволілі, а калі яны сапраўды іх вельмі моцна бʼюць, пакідаюць сінякі на іх».

«Канешне, гвалт у сямʼі – гэта не толькі, калі бʼюць. Можна псіхічна вельмі моцна прыгнятаць. Можна рознай дзейнасцю і выразамі вывесці чалавека са стану камфорту і раўнавагі».

І яшчэ адна лічба – сёлета за хатні гвалт міліцыянты склалі 45 тыс. пратаколаў. Адметна, што ў выніку палова ахвяраў свае заявы забрала.

Эксперты зазначаюць: першае, што мусіць зрабіць ахвяра хатняга гвалту, – напісаць заяву ў міліцыю, пасля мусіць быць медычная экспертыза – зняцце пабояў ці размова з псіхолагам, калі гвалт прыняў іншыя формы. І ўжо тады вінаватага мусяць адпаведна пакараць. Але дзеля гэтага варта справу даводзіць да канца, бо б’е – зусім не значыць, што кахае.

Ганна Любакова, «Белсат»[vc_row][vc_column][/vc_column][/vc_row]

Стужка навінаў