За графіці затрымалі 45-гадовага працаўніка банку


Праваахоўнікі працягваюць затрымліваць людзей за палітычныя графіці і выкладаць відэа з іхнымі выбачэннямі. Прэс-служба ГУУС Менгарвыканкаму паведамляе адразу пра два новыя выпадкі.

21 ліпеня, каля 23.00, у аператыўна-дзяжурную службу Фрунзенскага РУУС Менску паступіў званок ад жыхара сталіцы, які паведаміў пра тое, што невядомы пад мостам наносіць надпісы на плітках і слупах. Міліцыянты затрымалі 45-гадовага работніка аднаго са сталічных банкаў.

«Прычыну свайго ўчынку мужчына патлумачыў тым, што хацеў выказаць сваё меркаванне. За нанясенне абразлівых надпісаў у дачыненні да яго ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 341 КК Рэспублікі Беларусь (апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, штрафу, альбо арышту», – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Другі выпадак здарыўся 20 ліпеня: каля 2.30 ночы, супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС затрымалі мужчыну, які наносіў надпісы на пешаходную дарожку. Гэта аказаўся непрацуючы 35-гадовы жыхар сталіцы. Ён заявіў, што сваю віну ў здзяйсненні правапарушэння прызнае цалкам, у зробленым раскайваецца.

У дачыненні да мужчыны быў складзены пратакол за «дробнае хуліганства» і «непадпарадкаванне міліцыі». Суд Цэнтральнага раёну пакараў яго 10 соднямі арышту.

Цягам апошняга месяцу міліцыя запісвае на відэа выбачэнні затрыманых і выкладае іх у сеціва.

КА belsat.eu

Стужка навінаў