За гэта не забірае АМАП. Дзе ў Менску самыя бяспечныя чэргі?


Узгадваем залатыя часы, калі чэргі не лічыліся парушэннем і не былі нагодай для затрымання.

Жоўтыя цюльпаны цяпер сапраўды могуць стаць вястунамі разлукі содняў так на 10-15. Калі пашанцуе, то разлука будзе толькі з грашыма. Залежыць ад суддзі.

А яшчэ 8 сакавіка 2019 года вось так бесклапотна мужчыны стаялі ў чарзе па кветкі.

Чарга мужчын за кветкамі. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

28 верасня 2019 года ў Менску адбылося адкрыццё крамы вядомага шведскага брэнду «H&M». Перад самым адкрыццём ў чарзе стаяла ўжо больш за 2 тысячы чалавек.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Не рыхтаваўся, не ўзяў з сабой анічога, нават зарадкі для тэлефона. У мяне быў выбар: сыходзіць ці заставацца і быць першым», – казаў нам Максім, першы пакупнік.

Максім, настойліва рэкамендуем у далейшым браць у чаргу кнігі, запалкі, набор шкарпэтак і чыстай бялізны, печыва, ваду, абутак без шнуркоў, сродкі асабістай гігіены і іншыя неабходныя ў ІЧУ рэчы. Хто яго ведае, чым можа абярнуцца паход за адзеннем?

Міністр на адкрыцці бургернай.
Фота: Арцём Лява / Belsat.eu

7 лістапада 2019 году ў цэнтры Менску адкрылася бургерная расейскага рэпера Цімаці – Black Star Burger. Паводле ацэнкі нашага карэспандэнта, на адкрыццё прыйшло каля 3 тысячаў чалавек.

Сярод наведнікаў быў заўважаны міністр замежных справаў Уладзімір Макей.

Разганяць гэтае мерапрыемства АМАП не прыехаў. Лайфхак для тых, хто ўсё ж такі хоча пастаяць у чэргах: шукайце чэргі з міністрамі. Міністэрскія чэргі – самыя бяспечныя чэргі ў Беларусі!

Раніцай 24 чэрвеня жыхары Маскоўскага і Фрунзенскага раёну сталіцы пачалі скардзіцца на рэзкі пах вады з-пад крана.

Чэргі па ваду ў Менску.
Фота: belsat.eu

Пакуль праблему вырашаюць, да дамоў з найбольшаю колькасцю скаргаў падвезлі цыстэрны з вадою. Амаль адразу ўтварыліся доўгія чэргі. Як паведамляюць нашыя карэспандэнты, сілавікоў каля цыстэрнаў пакуль не заўважана.

Нагадаем, што 23 чэрвеня заснавальнік symbal.by Павел Белавус абвесціў пра закрыццё афлайн крамы. Праз некаторы час там з’явілася чарга пакупнікоў. Хутка падʼехаў аўтазак і пачаліся затрыманні. На затрыманых былі складзеныя пратаколы па артыкулах 23.34 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў») і 23.4 КаАП («Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў»).

Стужка навінаў