За фотаздымак з партрэтам Сянцова ў Горадні будуць судзіць праваабаронцу


Уладзімір Хільмановіч

Гарадзенскі праваабаронца і публіцыст Уладзімір Хільмановіч 13 ліпеня падтрымаў міжнародны флэш-моб і сфатаграфаваўся з партрэтам рэжысёра Алега Сянцова. З гэтай нагоды да яго прыйшлі з паведамленнем аб распачатым адміністрацыйным працэсе.

30 ліпеня ў кватэру, дзе жыве Уладзімір Хільмановіч пагрукаўся працаўнік аддзелу прафілактыкі правапарушэнняў Ленінскага РАУС і паведаміў, што ідзе праверка па факту публікацыі ў інтэрнэце фотаздымка ў падтрыманне зняволенага ў Расеі ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова. Як распавядае праваабаронца, службовец прыйшоў да яго з раздрукаваным фотаздымкам з сацсетак і патрабаваў тлумачэнняў. Даваць любыя паказанні па гэтай справе праваабаронца адмовіўся, а саму сітуацыю лічыць проста абсурднай.

«Відавочна, што зараз ідзе ўзмацненне палітычнага пераследу. Пра гэта сведчыць факт ціску на журналістаў «Белсату», на карэспандэнтаў Беларускага «Радыё Рацыя», на праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў Пачынаць адміністрацыйны працэс за фотаздымак у інтэрнэце – гэта поўны юрыдычны абсурд. Хоць нічога новага яны не прыдумалі. Гэта пачалося яшчэ ў канцы 2013 году, калі быў зняволены Алесь Бяляцкі. Менавіта з Горадні пачаліся такія абсурдныя адміністрацыйныя працэсы за фотаздымкі ў інтэрнэце. Тады была распачата справа супраць Рамана Юргеля, Віктара Сазонава і мяне. У іншых гарадах таксама адбываліся падобныя працэсы. Потым наступіла пэўная лібералізацыя. А пасля 25 сакавіка пачынаецца зноў жорсткі наступ на асноўныя грамадзянскія правы. Атрымоўваецца, што любы чалавек, які апублікаваў здымак з нейкай ідэалагічнай афарбоўкай у інтэрнэце, ужо можна ісці пад суд», – каментуе сітуацыю Уладзімір Хільмановіч.

Як паведамляе спадар Уладзімір, суд у дачыненні да яго яшчэ не прызначаны. Акрамя таго, не складзены дагэтуль пратакол адміністрацыйнага парушэння.

«Я не сумняюся, што гэта чарговая палітычная замова з Аддзелу прафілактыкі правапарушэнняў. Замест таго, каб выяўляць сапраўдных правапарушальнікаў і злачынцаў, яны сочаць за журналістамі, за грамадскімі актывістамі, за праваабаронцамі і г.д. Я думаю, што ў хуткім часе можна чакаць разгляд адміністрацыйнай справы ў судзе», – дадае праваабаронца.

У сярэдзіне ліпеня ва ўсіх сацыяльных сетках адбываўся міжнародны флэш-моб у падтрыманне палітзняволенага ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова. На знак пратэсту тысячы неабыякавых людзей фатаграфаваліся на фоне знакавых месцаў у сваіх гарадах з фотаздымкам рэжысёра. Уладзімір Хільмановіч зрабіў фота на фоне Каложскай царквы.

ПВ, belsat.eu, фотаздымак са старонкі ў «Facebook» Уладзіміра Хільмановіча

Стужка навінаў