За дзяржаўную здраду - 13 гадоў. Суд агучыў прысуд Януковічу


Абалонскі суд Кіева агучыў прысуд былому прэзідэнту Украіны Віктару Януковічу. Палітыка прызналі вінаватым у дзяржаўнай здрадзе. Паводле гэтага артыкулу Януковіча прыгаварылі да 13 гадоў пазбаўлення волі, па абвінавачванні ў пасобніцтве – да 12 гадоў, канчатковае пакаранне было вызначана па сукупнасці артыкулаў. Суддзя зачытваў прысуд на працягу амаль васьмі гадзінаў.

Прысуд быў вынесены завочна. Паводле УНІАН, Януковіча абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе, дапамаганні прадстаўнікам улады Расеі ў наўмысных дзеяннях, учыненых з мэтай змянення межаў тэрыторыі і дзяржаўнай мяжы Украіны ў парушэнне парадку, устаноўленага Канстытуцыяй, пасобніцтве вядзенню агрэсіўнай вайны.

Пасля абвяшчэння прысуду суддзя Уладзіслаў Дзявятка растлумачыў, што абвінавачанне «належнымі і дапушчальнымі доказамі» змагло даказаць, што Віктар Януковіч «спрыяў Расейскай Федэрацыі ў здзяйсненні злачынства супраць міру – вядзенню агрэсіўнай вайны», піша rbc.ru. Пры гэтым суддзя адзначыў, што не атрымалася даказаць, што Януковіч дзейнічаў з «так званай мэтай сепаратызму». Суд прызнаў былога прэзідэнта невінаватым у замаху на тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, а таксама пакінуў у сіле арышт маёмасці экс-кіраўніка дзяржавы.

Адвакат Януковіча Аляксандр Гарашынскі назваў прысуд незаконным і вынесеным пад ціскам улады напярэдадні выбараў прэзідэнта Украіны, перадае ТАСС. Гарашынскі таксама заявіў, што абарона асцерагаецца пераследу з боку ўладаў Украіны пасля завяршэння судовага слухання гэтай справы.

«Суда з самага пачатку дзейнічаў ва ўмовах ціску з боку дзяржаўнай улады», – заявіў адвакат.

Ён растлумачыў, што сведкі абвінавачвання з’яўляюцца кіраўнікамі краіны і «фактычнымі кіраўнікамі гэтага суда». Юрыст паведаміў, што абарона звернецца ў міжнародныя інстанцыі, а таксама амбасаду ЗША і еўрапейскіх краінаў і папросіць іх даць ацэнку суду і яго прысуду.

Яшчэ адзін адвакат экс-прэзідэнта, Віталь Сярдзюк, паведаміў ТАСС, што юрысты маюць намер абскардзіць прысуд.

«Гэты прысуд ня ўступіць у законную сілу, бо апеляцыя будзе пададзеная ва ўстаноўлены законам 30-дзённы тэрмін», – растлумачыў Віталь Сярдзюк.

Януковіч пакінуў Украіну ў канцы лютага 2014 года, пасля таго як з Кіева вывелі спецпадраздзяленні ўнутраных войскаў і сілавікоў.

Вярхоўная рада прыняла пастанову пра самаўхіленне прэзідэнта ад выканання канстытуцыйных абавязкаў. Дэпутаты таксама прынялі закон, дзякуючы якому восенню 2016 году была завершаная юрыдычная працэдура пазбаўлення Януковіча звання прэзідэнта. Пасля супраць яго былі распачатыя крымінальныя справы. Сам Януковіч сваю віну адмаўляе.

Hавiны
Украіна звернецца да Ізраіля з просьбай выдаць Януковіча ў выпадку, калі той паедзе туды лекавацца
2018.12.08 10:01

СК, belsat.eu

Стужка навінаў