Пра гэта піша выданне «Ежедневник» са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Напрыканцы траўня ва ўласным доме пад Менскам знайшлі цела бізнесоўца Яўгена Дзягцярыка. Разам з жонкай Настай Лагодай яму належыла сетка мультыбрэндавых буцікаў «Кабукi» і сталічная кавярня «Базілік». У Следчым камітэце асноўнай версіяй гібелі бізнесмена называюць самагубства.
Праз некаторы час СК паведаміў пра яшчэ аднаго бізнесоўца, які скончыў жыццё самагубствам. Ён выкінуўся з 10-га паверха дому, дзе пражываў. Пра асобу загінулага СК не паведамляе. Паводле некаторых СМІ, ён меў інтарэсы ў гандлі аўтамабільнымі алеямі, вытворчасці пластмасавых вырабаў, у лагістычным бізнесе і валодаў фітнэс-цэнтрам.
Паводле інфармацыі крыніц «Ежедневника», у апошнія дні траўня і напачатку чэрвеня пакончылі з жыццём яшчэ, як мінімум, дзве-тры асобы, звязаныя з бізнесам.
Адзін з іх – Андрэй Іўчык. Ён належаў да першай хвалі беларускіх бізнесоўцаў. Андрэя Іўчыка часта можна было сустрэць у кавярні, у якіх звычайна збіраюцца прадстаўнікі беларускага бізнесу. Буйнымі праектамі ў апошнія гады ён не займаўся. Вядома таксама, што ў яго засталіся дзеці.
ДР, belsat.eu