За два малюнкі дзяўчыне прысудзілі два месяцы арышту


Марыя Сафонава.
Фота: spring96.org

У Менску вынеслі прысуд дзяўчыне за два графіці. Пакаранне пакуль не ўступіла ў законную моц.

12 лістапада суддзя суду Ленінскага раёну Менску Юлія Шут пакарала 21-гадовую Марыю Сафонаву за надпіс «Жыве Беларусь» і выяву бел-чырвона-белага сцяга на жылым доме на вуліцы Балтыйскай і тратуарнай дарожцы.

Паводле арт. 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне будынкаў ці іншых збудаванняў цынічнымі надпісамі або малюнкамі, псаванне маёмасці на грамадскім транспарце або ў іншых грамадскіх месцах) яе асудзілі на 2 месяцы арышту. Менавіта такое пакаранне прасіла дзяржаўная абвінаваўца Юлія Даўгала. Гэта амаль максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную моц. Марыя плануе абскардзіць яго ў Менскі гарадскі суд. Для гэтага ў яе ёсць 10 содняў.

Пытанне пакрыцця шкоды мае разгледзець асобны грамадзянскі суд.

«Па факце ў маіх дзеяннях няма складу артыкулу. Крымінальная справа была пачатая без падставаў для гэтага. І прысуд быў вынесены не аб’ектыўна – пад ціскам ці нейкімі палітычнымі матывамі», – распавяла ў каментары belsat.eu Марыя Сафонава.

Марыю могуць прызнаць палітвязнем

Праваабаронцы «Вясны» лічаць, што ў дзеяннях Марыі Сафонавай адсутнічае склад злачынства, прадугледжаны 341 артыкулам Крымінальнага кодэксу, і што яе дзеянні з’яўляюцца дапушчальнай формай выказвання меркавання.

Калі Менскі гарадскі суд не адменіць прысуд, і ён уступіць у законную моц, Марыя Сафонава будзе прызнаная палітычнай зняволенай, заяўляе «Вясна».

Дзяўчыну збілі «антывандалы»

Дзяўчыну затрымалі ўночы 7 кастрычніка валанцёры чату «Антывандал» Вольга Забела, Яўген Кульбей і Аляксандр Альянах: ударылі яе, парвалі заплечнік і выклікалі міліцыю. Яе абвінавацілі ў тым, што яна, «дзейнічаючы ў групе асоб па папярэдняй змове, паміж дамамі 2 і 4 па вуліцы Балтыйскай учыніла цынічныя надпісы і здзейсніла апаганьванне будынку, дзверы ў склеп і парэнчы, тратуарную дарожку і скрыню для смецця». Сваім надпісам «Жыве Беларусь», на думку абвінавачвання, Марыя «знізіла эстэтычныя прыкметы названых абʼектаў», чым прычыніла шкоду Рэмаўтадору, ЖКГ і Менгарсвятлу. Агульны памер шкоды склаў 556 рублёў.

Марыя прызнала віну часткова. Яна пацвердзіла, што нанесла два надпісы: «Жыве Беларусь» на асфальце і БЧБ-сцяга на металічных дзвярах каля дому №4 па вуліцы Балтыйскай. Паводле яе, яна хацела такім чынам падкрэсліць сваю грамадзянскую пазіцыю і нацыянальнасць. На такія дзеянні яе падштурхнула тое, што 5 кастрычніка на вуліцы Балтыйскай група асоб пад аховай АМАПу з помпавай стрэльбай рабіла надпісы на трансфарматарнай будцы «За Беларусь».

Навукоўцы не бачаць абразаў

Адвакатка Марыі Інэса Аленская падала ў судзе заключэнне спецыялістаў Нацыянальнай Акадэміі навук аб тым, што надпіс «Жыве Беларусь» адносіцца да нейтральных і не зʼяўляецца абразлівым, а БЧБ-сцяг дэманструе колеры гістарычнага сцяга, нанясенне яго выявы дэманструе нацыянальны гонар. Абарона хадайнічала выклікаць у суд спецыяліста, які б змог патлумачыць адсутнасць у надпісы «Жыве Беларусь» і нанясенні БЧБ-сцяга прыкмет апаганення. Але суддзя Шут адмовілася задаволіць гэтае хадайніцтва.

Рэмаўтадар выставіў рахунак у 442 рублі, у якую ўжо ўключыў замену асфальтавага пакрыцця. Абарона Сафонавай на судзе расказала, што асфальт не быў заменены да гэтага часу. У якасці доказу яна падала відэазапіс на дыску. Але суддзя адмовілася далучаць яго да справы.

Фалічны сімвал нікога не абражае

Прадстаўніца ЖКГ паведаміла, што 61 рубель – гэта арыенціровачны каштарысны кошт для таго, каб зафарбаваць металічныя дзверы ў падвал, на якіх быў намаляваны надпіс «Жыве Беларусь». Адвакатка Марыі спытала ў яе, ці на ўсе надпісы рэагуюць ЖКГ, і чаму заяву Марыі Сафонавай аб тым, што на дзвярах яе падʼезда дагэтуль не зафарбаваны фалічны сімвал, суддзя зняла.

Адвакатка ў спрэчках падкрэсліла, што павага да нацыянальных колераў, іх прапаганда і абарона, паводле Канстытуцыі, зʼяўляюцца маральным і канстытуцыйным абавязкам кожнага грамадзяніна. Яны падкрэсліла, што ў часы цяперашняга прававога нігілізму важна не скаціцца да «крывасуддзя», а выконваць фармалізм, што мае на ўвазе літаральнае тлумачэнне законаў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў