За два дні пратэстаў у Казахстане затрымалі 700 асобаў


Афіцыйны прадстаўнік МУС Казахстану Нурдзільда Араз заявіў, што за два дні пратэстаў у краіне былі затрыманыя 700 чалавек, піша «Настоящее время».

«У першы дзень (9 чэрвеня – «Белсат») – 500 чалавек у двух гарадах, з іх 400 атрымалі штраф. У другі дзень (10 чэрвеня – «Белсат») каля 200 асобаў былі дастаўленыя, з іх 150 прыцягнуты да адказнасці, гэта па двух гарадах», – сказаў Араз.

Пры гэтым намеснік міністра ўнутраных справаў Казахстану Марат Кажаеў заявіў, што каля 200 чалавек, затрыманых у Нур-Султане, вывезлі ў Акмалінскую і Карагандынскую вобласці, каб «не ствараць цісканіну».

«Частка з іх была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці. З прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці частка аштрафаваная, частка прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арыштаў», – сказаў Кажаеў.

У нядзелю ў Нур-Султане, Алматы і Шымкенце прайшлі акцыі пратэсту. Сотні людзей выйшлі на вуліцы, скандуючы: «Казахстан!», «Бостандык» («Свабода»), «Байкот». Паліцыя затрымала амаль 500 чалавек і агучыла, што тры паліцэйскія пацярпелі, бо пратэстоўцы нібыта кідалі камяні, таму сілавікі ўжылі супраць іх слезацечны газ. Удзельнікі пратэсту настойвалі, што мітынгі былі мірнымі.

МУС Казахстану заявіла, што затрыманыя нібыта былі толькі «ўдзельнікі антыграмадскіх рухаў». І што ўсе «мерапрыемствы па затрыманні былі праведзены ў строгай адпаведнасці з законам, спецыяльныя сродкі не ўжываліся, а ў зносінах з грамадзянамі вартавыя парадку вялі сябе максімальна карэктна».

Аб’ектыў
Беларускі сцэнар выбараў у Казахстане
2019.06.09 22:34

СК belsat.eu

Стужка навінаў