За дамоўныя матчы на чэмпіянаце Беларусі па футболе затрымалі пяць гульцоў клубу «Ашмяны»


Працаўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС працуюць дзеля выяўлення фактаў арганізацыі дамоўных матчаў у вышэйшай і першай лігах чэмпіянату Беларусі па футболе.

Як паведамляе ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў Міністэрства ўнутраных справаў, устаноўлена, што 5-га чэрвеня двое грамадзянаў Украіны праз пасярэдніка, грамадзяніна Беларусі, падкупілі некалькіх гульцоў футбольнага клубу «Ашмяны» першай лігі, каб гэтая каманда паддалася футбольнаму клубу «Баранавічы» у першым тайме сустрэчы, якая адбылася ў гэты ж дзень.

Відэа голу «Баранавічаў» у браму «Ашмянаў» падчас матчу, які адбыўся 5-га чэрвеня

Сума незаконнага ўзнагароджання, перададзенага пасярэднікам і гульцам ФК «Ашмяны» напярэдадні матчу ў якасці задатку і адразу пасля яго правядзення, склала як мінімум $ 2 тыс.

26-га ліпеня Следчы камітэт распачаў крымінальную справу за подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафесійных спартовых спаборніцтваў і відовішчных камерцыйных конкурсаў (арт. 253 Крымінальнага кодэксу).

Падазронымі па справе, акрамя «заказчыкаў» і «пасярэдніка», прызнаныя пяць гульцоў ФК «Ашмяны». Яны затрыманыя. Высвятляюцца іншыя саўдзельнікі.

«Ёсць усе падставы меркаваць, што ў дамоўных матчах маглі быць замешаныя не толькі гульцы «асновы», але і тыя, хто выходзіў на замену, а ў шэрагу выпадкаў нават футбалісты, якія ўсю гульню заставаліся ў рэзерве. Так, падчас правядзення згаданага матчу адну з асноўных роляў у незаконнай схеме сыграў малады чалавек, які знаходзіўся на лаўцы запасных «Ашмянаў» і перадаваў умоўныя сігналы ўдзельнікам гульні», – гаворыцца ў паведамленні МУС.

Міністэрства ўнутраных справаў працуе ў цесным узаемадзеянні з Беларускай федэрацыяй футболу.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў