За беларускую мову яго называлі «камуністам». Узгадваем ксяндза Уладзіслава Чарняўскага


а. Уладзіслаў Чарняўскі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

14 студзеня 1918 года нарадзіўся святар, які адным з першых цалкам пераклаў Біблію на беларускую мову.

Два гады таму, на стагоддзе з дня народзінаў Уладзіслава Чарняўскага, ў Вішневе, дзе той працаваў амаль 50 гадоў, адкрыўся музей. Ініцыятаркай яго стварэння стала прыхаджанка, былая настаўніца хіміі і біялогіі, Тэрэса Бітэль, якая змяніла прафесію настаўніцы, каб даглядаць музей. Сёння гэта два пакойчыкі мясцовага Дома культуры, якія месцяць рарытэтныя кнігі святара, сшыткі з яго рукапісамі і перакладамі ды іншыя асабістыя рэчы.

Працоўны столік беларускага святара. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Музей мы адкрылі ў 2016-м годзе, дзякуючы фінансавай дапамозе з Чырвонага касцёла, але праца выконвалася ўдзячнымі парафіянамі. Таму што айцец Уладзіслаў больш за 45 год працаваў у нас на Вішнеўшчыне. І мы яму ўдзячныя за Біблію на беларускай мове і за тое, якім ён быў чалавекам.

Тэрэса Бітэль, загадчыца музея У.Чарняўскага. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Зразумела, усім не дагодзіш, але шмат людзей засталіся яму вельмі ўдзячнымі. Людзі, каторых ён хрысціў, каторых прывёў да Бога і гэтак далей. Як пацвярджэнне гэтаму, магу паказаць, колькі было ўсякіх прысвячэнняў айцу Уладзіславу. У Дануты Бічэль ёсць прысвечаны верш, у Віктара Шніта, Марыяна Дуксы, Лідзіі Гардынец, Гіры Трусакевіч…», – распавядае спадарыня Тэрэса, якая асабіста блізка сябравала са святаром.

«Маліся, як усе маліліся, і не выдумвай»

Уладзіслаў Чарняўскі нарадзіўся 14 студзеня 1916 года у засценку Амбружын каля Гальшан. У сям’і звычайных беларускіх сялян было 12 дзяцей. Бацькі памерлі рана. Пражыў 85 гадоў, большасць з якіх служыў у Вішневе (Валожынскі раён).

«У нас ён працаваў з 1953-га года. Да яго працаваў паляк, ксёндз-езуіт Станіслаў Міхальскі. Затым прыехаў айцец Уладзіслаў і заняўся беларусізацыяй. Ён узгадваў, што палякі- клірыкі ў семінарыі нават палілі беларускую літаратуру і гэта яго настолькі ўразіла, што ён не мог дараваць гэткай несправядлівасці. Пасля семінарыі ён прыехаў сюды і таксама працягваў сваю беларускую лінію, хоць і сустракаў супраціў. Вось бачыце, пацверджанне – ліст-ананімка, дзе на польскай мове парафіяне пішуць, што не трэба нам тваіх ні песенек беларускіх, ні гісторый. Маліся, як усе маліліся, і не выдумвай», – спадарыня Тэрэса ўказвае на невялікі ліст пад шклом экспазіцыі.

«Мы ўсе просім ксяндза пробашча аб тым, каб не перакладаў літаніі і іншых песень і малітваў. Мы ўжо не дзеці, каб перавучвацца, мы ўсе ўжо ў старэйшым веку і будзем спяваць па-польску, як нас навучылі нашыя бацькі. Айцец пробашч сам бачыць, што ўсё менш і менш людзей у касцёле. Яны ездзяць у іншыя касцёлы, дзе ксяндзы моляцца, як належыць і не прыдумляюць ніякіх перакладаў песенек, пацераў. Мы просім пробашча ў часе чытання Евангелля і казанняў не гаварыць пра гісторыю ўсяго свету. Гэта Святы Касцёл і мы збіраемся, каб маліцца, а не слухаць розныя байкі. Хутка дойдзе да таго, што касцёл будзе зусім пусты і мы не збяром на аплату касцёла». – гаворыцца ў ананімцы, напісанай па-польску вернікамі.

Касцёл, дзе служыў а. Уладзіслаў Чарняўскі.Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Кажуць, што ён не любіў палякаў, а ён не любіў апалячаных беларусаў»

«І хрэсьбіны, і шлюбы – усё па-беларуску рабіў. Калі прыязджалі палякі да яго, ён размаўляў на польскай мове. Некаторыя кажуць, ён не любіў польскай мовы, а насамрэч ён не любіў апалячаных беларусаў. Калі прыязджалі літоўцы, ён гаварыў з імі на літоўскай мове.

Асабліва ён нерваваўся, калі бачыў польскі тэкст, напісаны кірыліцай. Ён тупаў нагамі і сварыўся, як гэта можа быць такое. Былі праблемы з уладамі касцёльнымі. Пасля ксяндза Міхальскага, у нас не было 3 гады ксяндза ў касцеле. І тады ў 50-я гады касцёльны камітэт (мясцовыя вернікі) паехалі ў Маскву прасіць ксяндза. І калі прыехаў айцец Уладзіслаў, яны яму прама ў вочы казалі, што завязём зараз назад. Яны атрымалі зусім не тое, чаго чакалі», – тлумачыць спадарыня Тэрэса.

Кніга Роду, першая спроба выдання перакладу У. Чарняўскага. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Беларуская мова? Значыць камуніст!»

«Я доўгі час не магла зразумець, чаму яго называлі камуністам. Цяпер я ўжо разумею. Для польскамоўнага насельніцтва, беларуская мова значыла «гэта камуніст»! Гэта не тое, да чаго яны прызвычаіліся», – распавядае Тэрэса Бітэль.

Не зважаючы на пратэсты некаторых прыхаджан, Уладзіслаў Чарняўскі не пераставаў беларусізаваць Вішнева. Ён працягваў весці набажэнствы па-беларуску, а ўвольны час сядаў за пераклады песень, малітваў і Святога Пісання.

Рукапіс кс. Уладзіслава Чарняўскага з перакладам літургіі на беларрускую мову. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

У музеі можна ўбачыць шмат асабістых рэчаў святара. Слоўнікі, з якімі працаваў, крэслы на якіх сядзеў, абраз перад якім маліўся – Сэрца Езуса, а таксама рукапісы. 31 сшытачак з каліграфічным почыркам. Літургічныя тэксты і тэксты імшы, літаніі, малітвы, песні. Усё гэта – пераклады на беларускую. Біблію ў перакладзе Чарняўскага выдалі толькі ў 2012-м годзе, праз 11 год пасля яго смерці. Пры жыцці айцец Уладзіслаў дачакаўся толькі выдання беларускамоўнага Новага Запавету і Пяцікніжжа.

«У 1968 годзе ён быў на аўдыенцыі ў Папы Паўла VI, дзе размаўлялі на латыні. Айцец Уладзіслаў паскардзіўся, што беларусы-каталікі да гэтай пары не маюць сваёй Бібліі, на што атрымаў адказ: дык займіся ж перакладам! Ён мог стаць першым беларускім каталіцкім біскупам, але не дазволіла савецкая ўлада…», – распавядае спадарыня Тэрэса.

Фота з архіва У. Чарняўскага. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Адкуль такая любоў да беларушчыны?

Дзядзька Уладзіслава, Францішак Чарняўскі быў беларускамоўным і з’ехаў за мяжу. Айцец Уладзіслаў напісаў яму, каб вяртаўся. А дзядзька адказаў: «не хачу быць угнаеннем для глебы на Беларусі». І ён не вярнуўся. Таксама на яго паўплывалі біскуп Чэслаў Сіповіч і айцец Аляксандр Надсан.

Як узгадвае Тэрэса, Чарняўскага пасвяцілі ў ксяндзы ў 1944-м годзе ў студыі айцоў-марыянаў у Вільні, якіх фінансавала княгіня Радзівіл.

Магіла а. Уоадзіслава Чарняўска каля касцёла. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Бога любіў, Біблію перакладаў і людзям Беларусі служыў»

Айцец Уладзіслаў Чарняўскі памёр у вішнеўскім шпіталі 22 снежня 2001 года. Яго пахавалі каля касцёла, дзе святар адпрацаваў амаль усё сваё жыццё.

«Так атрымалася, што мой брат быў пры ім у той момант і трымаў яго руку. Ён доўга хварэў. Некалькі інсультаў было», – тлумачыць Тэрэса Бітэль.

На пытанне, якім пры жыцці быў святар, жанчына коратка адказвае:

«Як сказаў мастак Фелікс Янушкевіч, для яго былі тры словы галоўныя: Бог, Біблія, Беларусь. Бога любіў, Біблію перакладаў і людзям Беларусі служыў».

Паўліна Валіш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары