З'явіўся мабільны дадатак, які дапаможа размаўляць па-беларуску ў кавярні і тэатры


Платформа падтрымання беларускай мовы SAY.BY сумесна з Інстытутам мовазнаўства ім. Якуба Коласа стварыла мабільны размоўнік з выразамі на роднай мове, якімі найчасцей карыстаюцца ў розных грамадскіх месцах у штодзённым жыцці. Прыкладанне ўжо даступнае для Android i iOS.

Як распавёў belsat.eu кіраўнік платформы Аляксандр Шастаковіч, «ціхі» запуск прыкладання адбыўся яшчэ ў лютым і быў прымеркаваны да Дня роднай мовы, аднак цяпер яго запускаюць афіцыйна.

У размоўніках ёсць тэматычныя блокі «Кавярня», «Кіно», «Кнігарня», «Музей», «Надвор’е», «Рэстараны і кавярні », «Таксі», «Тэатр», «Запраўка». У кожным з іх можна пачытаць і паслухаць, як правільна ўжываць і вымаўляць той ці іншы выраз па-беларуску, а таксама паглядзець пераклады на расейскую і ангельскую мовы.

«Раней у нас быў дадатак, які паказваў найбліжэйшыя месцы ў горадзе, дзе падтрымліваюць жывую беларускую мову, і далей у нашага праграміста ўзнікла ідэя стварыць размоўнікі, каб у гэтых месцах можна было прымяніць веды на практыцы. Бо ёсць праблема: вельмі часта і наведнікі, і персанал мала ведаюць мову і з цяжкасцю ўжываюць спецыфічны набор выразаў», – кажа Аляксандр.

Агучваць размоўнікі дапамагла студыя gavarun.by, якія зрабіла два варыянты агучкі выразаў – мужчынскім голасам і жаночым. «Мы самі не чакалі, што атрымаецца гэтак прыгожа і прафесійна!», – цешыцца кіраўнік SAY.BY

«Калі мы з камандаю абмяркоўвалі першы набор тэмаў, то дадалі тэатр. Сярод нашых падпісантаў у сацсетках разыгралі два квіткі ў Купалаўскі тэатр, а потым папрасілі іх запісаць фразы, якімі тыя найчасцей карысталіся падчас наведвання спектаклю. Праўда, больш за ўсё там было пра буфет», – распавядае ён.

Стваральнікі спадзяюцца, што размоўнікі зацікавяць не толькі саміх беларусаў, але і замежнікаў. Паводле іхнай задумкі, прыкладанне цалкам бясплатнае – дзеля папулярызацыі мовы ніякага платнага кантэнту там няма.

Акрамя мабільнага прыкладання, SAY.BY распаўсюджвае па рэстарацыях сурвэткі з беларускімі выразамі, друкаваныя размоўнікі для персаналу і ладзіць імпрэзы, прысвечаныя роднай мове ў шматлікіх гарадах Беларусі.

КА belsat.eu

Стужка навінаў