З'явілася новае відэа забойства Аляксандра Тарайкоўскага: быў другі стрэл


Забойства дэманстранта Аляксандра Тарайкоўскага на «Пушкінскай» у Менску 10 жніўня трапіла на відэа, знятае з боку кінатэатра «Аўрора». Запіс перадалі «Еўрарадыё» толькі цяпер.

На відэа бачна, што ў Тарайкоўскага ў руках нічога няма, хаця міліцыя сцвярджае, што 34-гадовы мянчук загінуў ад выбуху невядомай прылады, якую нібыта хацеў кінуць у бок сілавікоў. На новым роліку таксама бачны другі стрэл у бок Аляксандра Тарайкоўскага. Страляе сілавік, які стаіць злева ад яго. Пасля гэтага стрэлу Тарайкоўскі, на майцы якога ўжо бачная пляма крыві, падае.

Раней Associated Press апублікавала відэа, зробленае падчас пратэстаў на вуліцы Прытыцкага 10 жніўня, на якім зафіксаваны момант гібелі Тарайкоўскага. На відэа можна пабачыць успышкі ад стрэлаў сілавікоў і мужчыну ў шортах і цішотцы, у якога вялікая крывавая пляма на грудзях. Ён трымаецца за рану рукой, а потым падае на зямлю. На відэа добра бачна, што ў руках пратэстоўца няма выбухоўкі. Жонка Аляксандра апазнала яго на гэтых кадрах.

Hавiны
Associated Press апублікавала новае відэа гібелі Аляксандра Тарайкоўскага. Выбухоўкі ў яго не было
2020.08.16 10:14

Паводле афіцыйнай версіі, якую распаўсюдзіла прэс-служба МУС, мужчына нібыта хацеў кінуць у сілавікоў самаробную выбухоўку, ад якой і загінуў. Відавочцы смерці Аляксандра зняпраўджваюць версію МУС.

Прааналізаваўшы відэа тых падзеяў, даследчая група Conflict Intelligence Team (CIT) прыйшла да высновы, што Аляксандра маглі забіць байцы спецназу КДБ «Альфа» або спецназа МУС «Алмаз».

Наколькі вядома «Белсату», крымінальная справа па факце забойства Аляксандра Тарайкоўскага дагэтуль не была распачатая.

КА belsat.eu

Стужка навінаў