З’явілася інфармацыя пра інфікаваных каронавірусам працаўнікоў БТ

Паводле каналу «Баста!» у «Тэлеграме», прынамсі ў чатырох працаўнікоў БТ выявілі каронавірус, дваццаць чалавек адпраўленыя на каранцін. Блізкая да БТ крыніца пацвердзіла «Белсату» пра заражэнне каронавіруснай інфекцыяй 2–4 працаўнікоў кампаніі.

«У чатырох супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі афіцыйна пацверджаны Covid-19. Вельмі шмат каго з тых, хто лічыцца кантактам першага ўзроўню, нават не прыходзілі правяраць. Аналізы дваіх работнікаў згубленыя. Ужо ўсе выйшлі на працу, нягледзячы на ​​тое, што ў аднаго з іх прастуда. Прыйшла ўчастковая лекарка, паглядзела горла, паслухала і на гэтым усё», – распавёў аўтарам каналу адзін з супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі.

Сваяк аднаго з супрацоўнікаў кампаніі пацвердзіў аўтарам «Тэлеграм»-каналу інфармацыю пра каронавірус у некалькіх чалавек на БТ, а таксама распавёў, што два дзясяткі працаўнікоў будынку на Макаёнка, 9 адправілі на каранцін

Блізкая да БТ крыніца «Белсату» распавяла нашаму тэлеканалу, што 2–4 працаўнікі кампаніі заразіліся каронавірусам падчас працы ў Жыровіцкім манастыры. Суразмоўца прызнаўся, што сам лічыцца кантактам другога ўзроўню.

Аляксандр Лукашэнка, працу якога асвятляюць у тым ліку БТ, не з’яўляецца на публіцы з 26 красавіка.

Паводле стану на 29 красавіка ў Беларусі афіцыйна зарэгістравалі 13 181 выпадак каронавіруснай інфекцыі. За содні інфікаваных стала больш на 973 чалавекі.

Міністэрства аховы здароўя афіцыйна пацвердзіла 84 смерці пацыентаў з COVID-19.

ДД belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны