З выставы ў Стакгольме скралі дзясятак скульптураў Далі


Паліцыя каля мастацкай галерэі ў цэнтры Стакгольму, дзе ўночы на 30 студзеня скралі ад 10 да 12 скульптураў Сальвадора Далі. Фота – Ali Lorestani / TT newsagency / Forum

Дзесяць або дванаццаць сюррэалістычных скульптураў каталонскага мастака скралі са стакгольмскай галерэі «Couleur» уночы на чацвер, падае «Reuters».

Кожная з выкрадзеных работ ацэньваецца ад 18 да 47 тысячаў еўраў.

Паводле паліцыі, нападнікаў было імаверна двое.

Дзверы галерэі пасля ўзлому. Фота – Ali Lorestani / TT newsagency / Forum

Пасля нападу яны з’ехалі з месца злачынства цёмным аўтам «Audi».

Скульптуры вышынёю 10-12 см пазычылі для выставы, якая павінная была скончыцца ў суботу, са Швейцарыі.

«Яны каштавалі ад 200 000 да 500 000 крон ($ 21 000 да 52 000) кожная. Гэта вельмі вялікія грошы», – распавёў уладальнік галерэі Педэр Энстром.

Паводле экспертаў, злачынства зрабілі на замову або злодзеі не да канца ведаюць пра прынцыпы рынку мастацтва.

«Сёння вельмі складана прадаць працу, якая паходзіць з крадзяжоў. Мы жывем у лічбавыя часы, інфармацыя распаўсюджваецца вельмі хутка», – цытуе шведскага эксперта Магнуса Бэхеда «Rmf24».

Эксперт у мастацтве Клэйс Мозэр у размове з «Aftonbladet» распавёў, што прадаць скрадзеную рэч сёння практычна немагчыма.

«Гэткі тып крадзяжоў быў больш распаўсюджаны ў мінулым, калі рынак не быў настолькі ўважлівы. Тады вы маглі б прадаваць мастацтва ў іншых частках свету. Сёння рынак добра ахоўваецца», – дадае адмысловец.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў