З самалёту, які пасадзілі ў Горадні, знялі экс-сенатара


«Embraer 175» авіякампаніі «Белавія». Ілюстрацыйнае фота – Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Крыніцы «Белсату» паведамляюць, што сярод знятых з мюнхенскага рэйсу пасажыраў быў экс-сенатар, чалец Савету Рэспублікі 4-га склікання Міхаіл Крыштаповіч.

Абноўлена. Інфармацыя пра яшчэ аднаго знятага з борту ў Горадні экс-сенатара 4-га склікання аказалася непраўдзівай.

Інфармацыю пра затрыманне Міхаіла Крыштаповіча асобна пацвердзілі таксама некалькі крыніцаў «Прэсболу».

Афіцыйнай інфармацыі пра прычыны таго, што адбылося пакуль няма.

Імаверна, Крыштаповіча затрымалі разам з сем’ёй.

«Людзі ў зялёнай форме – імаверна, памежнікі – выклікалі некалькі пасажыраў, шасцярых: дваіх з адной сям’і, чацвярых – з іншай, калі не памыляюся. Вывелі іх з рэчамі на вуліцу. Абшукалі месцы, дзе тыя сядзелі», – распавёў адзін з пасажыраў «Онлайнеру».

Паводле меркаванняў пасажыраў, з якімі паразмаўлялі журналісты «Tut.by», сілавікі, якія падняліся на борт самалёту ў гарадзенскім аэрапорце, маглі быць прадстаўнікамі МУС, КДБ або Памежнага камітэту.

Узлётна-пасадачная паласа Гарадзенскага аэрапорту. Фота – region.grodno.by

Пакуль ніводнае з вышэй пералічаных ведамстваў ніяк не каментуе сітуацыю. Не даюць ніякіх каментароў таксама ні ў «Белавіі», ні ў гарадзенскім аэрапорце.

Паводле крыніцаў блогера Nexta, здарэнне адбылося праз тое, што зямлю пад аэрапортам нядаўна далучылі да Кастрычніцкага раёну Менску. У выніку новымі куратарамі аэрапорту сталі прадстаўнікі Кастрычніцкага раённага аддзелу Упраўлення КДБ па Менску і Менскай вобласці.

«Праз адсутнасць вялікага досведу ўзаемадзеяння з памежнікамі, МУС і службаю бяспекі аэрапорту (усяго некалькі месяцаў працы разам) адладжаная раней сістэма дала збой. Прыйшлося ўсё тэрмінова перайграваць – разварочваць борт і задзейнічаць супрацоўнікаў упраўлення КДБ па Гарадзенскай вобласці», – падае Nexta.

Хто такі Міхаіл Крыштаповіч

Нарадзіўся ў 1956 годзе ў вёсцы Брылькі пад Валожынам. Скончыў Кастрамскі тэхналагічны інстытут і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт.

Былы дырэктар Нясвіжскага льнозаводу. Цяпер – дырэктар Гарадзейскага цукровага камбінату. Прадпрыемства мноства гадоў ёсць генеральным спонсарам футбольнага клубу «Гарадзея». Менавіта дзякуючы гэтаму падтрыманню «Прэсбол» звязвае поспехі каманды ў эліце беларускага футболу.

«63-гадовы Міхаіл Васільевіч – вялікі прыхільнік футболу», – піша выданне.

У Савеце Рэспублікі чацвёртага склікання Крыштаповіч уваходзіў у Пастаянную камісію Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы і ў дэлегацыю Нацыянальнага сходу ў Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацы ў Еўропе.

«Тэхнічная няспраўнасць»

24 студзеня самалёт авіякампаніі «Белавія», які ляцеў з Менску ў Мюнхен, развярнуўся над польскім горадам Вроцлаў і паляцеў у Беларусь.

Ані пілоты, ані бортправаднікі пра гэта не аб’явілі.

«Проста ціхенька павярнулі назад. За 15 хвілін да прызямлення пілот абвясціў, што праз тэхнічную няспраўнасць мы вымушаныя зрабіць пасадку ў Горадні: тэхнікі пераканаюцца, што ўсё ок, нас заправіцца, і мы паляцім. Чаму не ва Вроцлаве, калі сапраўды няспраўнасці, – незразумела», – распавёў адзін з пасажыраў.

Пасля таго, як з борту знялі шэсць чалавек, самалёт дазаправіўся і ўзяў курс да месца прызначэння.

З улікам трохгадзіннага затрымання вылету самалёту з Менску падарожжа заняло 8,5 гадзіны замест звычайных дзвюх. За ўвесь гэты час, кажуць пасажыры, іх не пакармілі. У самалёце былі пасажыры з дзецьмі.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў