«З развалам СССР мы далёка адзін ад аднаго не сышлі». У Пецярбурзе ідуць перамовы Пуціна і Лукашэнкі


У Санкт-Пецярбурзе праходзяць перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна наконт беларуска-расейскай інтэграцыі.

«Восьмага снежня мы адзначылі 20-годдзе падпісання Саюзнай дамовы і нягледзячы на тое, што шмат чаго – і мы з вамі гэта канстатавалі – не зроблена ў рамках гэтай дамовы, але ўсё-ткі і вынікі працы ў рамках гэтага дакументу таксама значныя», – сказаў прэзідэнт Пуцін падчас сустрэчы з Лукашэнкам, паведамляе «РИА Новости».

БелТА паведамляе, што Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным адзначыў каласальны прагрэс у развіцці супрацы з Расеяй, у тым ліку па лініі саюзнага будаўніцтва. Паводле яго, значныя дасягненні ёсць як у сацыяльнай сферы, так і ў эканамічнай супрацы.

«Зроблена нямала. Чамусьці мы не заўсёды і не ўсе гаворым, што зроблена. Мы сапраўды зрабілі вельмі шмат. І не толькі ў сацыяльным плане, для нашых людзей. Мы вельмі шмат зрабілі ў эканоміцы», – сказаў ён.

«Таму ў прынцыпе з развалам Савецкага Саюзу мы ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы, ні ў сацыяльнай сферы далёка адзін ад аднаго не сышлі. Гэта таксама вялікае дасягненне гэтай дамовы (аб стварэнні Саюзнай дзяржавы). Калі мы і не рэалізавалі тыя пункты, якія там прапісаныя, то мы не разбегліся, як гэта ёсць, дапусцім, у Расеі з іншымі рэспублікамі постсавецкай прасторы (не толькі з Прыбалтыкай або Украінай). Гэта таксама дасягненне, што намі зроблена за апошнія гады. Але вы правільна сказалі : ёсць над чым працаваць», – рэзюмаваў Лукашэнка.

Спачатку паведамлялася, што перамовы пачнуцца ў 12:00. Але мяркуючы па інфармацыі тэлеграм-каналу «Пул Первого» сустрэча распачалася не раней за 13:00.

«РИА Новости» паведамляюць, што Пуцін і Лукашэнка гутараць у прэзідэнцкай бібліятэцы, дзе затым адбудзецца саміт ЕАЭС і нефармальная сустрэча кіраўнікоў дзяржаў СНД.

Нагадаем, у мінулы раз Пуцін і Лукашэнка сустракаліся 7 снежня ў Сочы. Чакалася, што на наступны дзень, 8 снежня, у Маскве на паседжанні Найвышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы адбудзецца падпісанне новай інтэграцыйнай праграмы. Перамовы ў Сочы цягнуліся 5,5 гадзінаў і дамовіцца наконт інтэграцыі кіраўнікі дзяржаваў не змаглі. Лукашэнка вярнуўся ў Менск, паседжанне ў Маскве не адбылося.

Па выніках перамоваў у Сочы кіраўнік Мінэканамразвіцця РФ Максім Арэшкін заявіў журналістам, што бакі ўсё ж дасягнулі «сурʼёзнага прагрэсу» падчас перамоваў і праца над «дарожнымі мапамі» будзе працягнутая. Тады ж была анансаваная сустрэча Пуціна і Лукашэнкі 20 снежня.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў