«З праблемаю пакуль не справімся». Мамолаг Леанід Путырскі пра тое, чаму беларускі ўсё часцей хварэюць на рак малочнае залозы


Леанід Путырскі – той лекар, да якога імкнуцца трапіць тысячы беларусак. 20 гадоў ён быў галоўным мамолагам Беларусі і кіраўніком аддзялення пухлінаў малочнае залозы ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі, а сёння працягвае практыкаваць як мамолаг. Belsat.eu паразмаўляў з Леанідам Путырскім пра тое, чаму ў Беларусі працягвае расці ўзровень захворвання на рак малочнай залозы ды чаму павялічваецца колькасць пухлінаў, выяўленых на позніх стадыях, нягледзячы на ўжо запушчаныя праекты для прафілактыкі і ранняга выяўлення гэтай хваробы.

Жанчына павінна сачыць за сваім здароўем у любым узросце

«Скрынінг – гэта сістэма захадаў для выяўлення раку, які яшчэ працякае бессімптомна, які не знайсці рукамі», – тлумачыць мамолаг.

Мамолаг Леанід Путырскі. Фота https://www.facebook.com/leonid.putyrski

Найбольшую эфектыўнасць у ранняй дыягностыцы раку малочнай залозы, кажа лекар, паказала мамаграфія. Але і тут ёсць некаторыя нюансы.

«Даследаванні праводзілі ў розных узроставых групах. Найлепшыя вынікі паказала група жанчын ад 50 да 60 гадоў. Таму па ўсім свеце мамаграфічныя даследаванні праводзяць жанчынам ад 50 да 70 гадоў. Пасля 70 гадоў лічыцца, што наступствы раку прыйдуць пазней, чымся іншыя натуральныя прычыны смерці. Але я ўсё роўна за тое, каб жанчына сачыла за сваім здароўем незалежна ад узросту», – тлумачыць Леанід Путырскі.

Пакуль няма сур’езных вынікаў у барацьбе з ракам

«Сёння ні ў адной постсавецкай краіне няма масавага скрынінгу малочнай залозы, таму што гэта вельмі дорага. Немцы на запуск масавага скрынінгу патрацілі 10 гадоў і прыкладна 10 млрд долараў. Добра, што ў Беларусі пачалі зʼяўляцца пілотныя праекты, калі мамограф ставіцца ў пэўнай паліклініцы і жанчыне даецца магчымасць прайсці абследаванне. Па-першае, камусьці пашанцуе, і рак знойдуць на ранняй стадыі. Па-другое, любы скрынінг даносіць чалавеку думку аб неабходнасці сачыць за сваім здароўем, звяртацца да лекараў тады, калі хвароба яшчэ лечыцца», – дзеліцца звесткамі суразмоўца «Белсату».

Ілюстрацыйны здымак. Фота Kreutzfeldt / Arco / Forum

Але пілотныя праекты пакуль што не паказалі сурʼёзных вынікаў, беларускі працягваюць хварэць. Леанід Путырскі бачыць некалькі прычынаў таго, што адбываецца. Адна з іх – жанчыны не надта адказна ставяцца да свайго здароўя.

«Гэта праблема не толькі Беларусі. Калі жанчына прайшла мамаграму, прыблізна ў гэты ж час праз два гады яна павінна яе прайсці зноў. Але нават за мяжою, дзе на прафілактыку выдаткаваныя велізарныя грошы, праз 3–4 гады жанчыны перастаюць прыходзіць на абследаванне. Раз схадзіла, два схадзіла – нічога не знайшлі, у наступны раз яна праігнаравала», – кажа лекар.

Мамолаг Леанід Путырскі. Фота https://www.facebook.com/leonid.putyrski

Не мамаграмай адзінай

Жанчыне трэба самастойна правяраць грудзі і рэгулярна наведваць гінеколага. Леанід Путырскі кажа, што быў перыяд, калі ад гэтых метадаў паспрабавалі адмовіцца:

«За мяжою падумалі: ага, мы праводзім рэгулярна мамаграфію, і гэтага дастаткова! Але смяротнасць у тых групах, дзе спрабавалі абысціся толькі мамаграфіяй, была большая, чымся там, дзе паралельна выконвалі абследаванне яшчэ і рукамі лекара. Таму што скрынінг часцей за ўсё дапамагае пры павольных формах раку, якія спакойна падрастаюць і праз два гады дасягаюць таго памеру, які ўжо бачны на мамаграме. А вось агрэсіўныя формы прыкладна ў палове выпадкаў знаходзілі рукамі лекара».

Жанчынам, маладзейшым за 40 гадоў, трэба раз на год аглядацца рукамі лекара, пасля 40 гадоў – раз на паўгода, такую схему рэкамендуе Леанід Путырскі.

Рэнтгенаграфія грудной клеткі. Фота Jim West / imageBROKER / Forum

«Мы 10 гадоў вывучалі пытанне, як эфектыўна абследаваць малочную залозу без мамаграфіі. Правялі вялікую работу для навучання лекараў, гінеколагаў у першую чаргу, хірургаў і тэрапеўтаў. Навучылі жанчын самаабследаванню. І калі ў 1994 г. на ранніх стадыях выяўлялася 64 % раку малочнай залозы, то праз 10 гадоў лічба падрасла да 79,4 %. Гэта вельмі добры вынік!» – тлумачыць наш суразмоўца.

З праблемаю пакуль не справімся

Што датычыць магчымасцяў укараніць масавы скрынінг у Беларусі, тут ёсць некалькі сурʼёзных перашкодаў. І фінансавая, паводле Леаніда Путырскага, не самая важная: «Так, апаратуры трэба шмат. У кожным горадзе, дзе насельніцтва ад 100 тыс., патрэбны мамограф. Патрэбныя і мабільныя апараты, каб абследаваць жанчын у сельскай мясцовасці, а гэта каля 20 штук на краіну. І тут узнікаюць сурʼёзныя цяжкасці. Знайшлі мы грошы, закупілі абсталяванне. Але мамаграму павінны чытаць два незалежныя рэнтгенолагі, якіх трэба падрыхтаваць. А на гэта сыходзяць гады! У Швецыі і Амерыцы, дзе я працаваў, на праграмы скрынінгу ставяць самых вопытных рэнтгенолагаў. А ў Беларусі такіх не вельмі шмат і, вядома, каля кожнага апарата такога не паставіш».

Больш за тое, каля 20 % гатовых мамаграмаў патрабуюць паглыбленага даабследавання, для гэтага жанчыну трэба накіраваць у анкалагічны дыспансер.

«Гэта велізарны паток пацыентаў, які трэба прыняць. Ці гатовыя нашыя клінікі да гэтага? Трэба стварыць цэлыя аддзяленні, якія працуюць толькі з праграмамі скрынінгу. Потым большая частка тых, каго адправілі на даабследаванне, будзе праапераваная. І трэба апераваць адразу ж, а не чакаць месяцамі. Якая тады будзе карысць са скрынінгу? Выявілі малую пухліну, пакуль дачакаліся аперацыі, яна ператварылася ў другую ці трэцюю стадыю. Гэтыя арганізацыйныя пытанні вырашаюцца складаней за фінансавыя. Нават Расея, багацейшая за нас, сёння робіць толькі першыя крокі ў барацьбе з ракам. Дый тое, у іх больш дыягностыка, чымся скрынінг. Паставіць проста мамограф – гэтага мала», – цвердзіць лекар.

Ілюстрацыйны здымак.

Пад увагай павінны быць не толькі жанчыны 50+

Рак малочнай залозы маладзее, і жанчыны, крэўныя сваячкі якіх хварэлі на гэты тып раку, павінны таксама кантраляваць сваё здароўе.

«Для дзяўчат гэтай групы ў Беларусі ёсць магчымасці генетычнага даследавання. Таму, калі ў маці ці бабулі быў рак малочнай залозы, асабліва ў маладым узросце, такой жанчыне трэба здаць генетычны аналіз і паглядзець, ці ёсць мутацыі ў пэўных храмасомах. І калі мутацыя выяўленая, жанчыне важна прыйсці да мамолага (не гінеколага!) і пракансультавацца аб метадах прафілактыкі і ранняй дыягностыкі. Рабіць у 30 гадоў мамаграму, як я казаў вышэй, неэфектыўна. Малочная залоза шчыльная, і малая пухліна проста не бачная, гэта даказана. Не трэба забывацца, што мамаграфія – гэта да таго ж рэнтгеналагічнае даследаванне, падчас якога чалавек атрымлівае невялікую дозу радыяцыі. А радыяцыя мае ўласцівасць назапашвацца. І калі мы пачнем з 30 гадоў рабіць шмат рэнтгенаў, гэта само па сабе можа падштурхнуць і ўзмацніць генетычную схільнасць да раку. У медыцынскай літаратуры апісаныя выпадкі, калі жанчыны, якім захавалі грудзі, але правялі апрамяненне вялікай дозай радыяцыі, праз 20 гадоў захварэлі ракам ад гэтай прамянёвай тэрапіі. Пры мамаграфіі дозы радыяцыі, вядома, меншыя, але і яны могуць назапашвацца», – тлумачыць Путырскі.

Выдаленне малочнай залозы Леанід Путырскі таксама не лічыць эфектыўным метадам барацьбы з ракам: «Гэтае пытанне не раз абмяркоўваўся сярод мамолагаў усяго свету, асабліва пасля таго, як Анджэліна Джоўлі зрабіла аперацыю. Але калі кіравацца такой логікай, то выдаляць трэба ўсё, дзе можа ўзнікнуць рак. І грудзі, і яечнікі, і кішэчнік, і не толькі! Пакінем толькі валасы?»

Уратуе ўсвядомленасць

Нягледзячы на тое, што смяротнасць ад раку застаецца сурʼёзнаю праблемаю па ўсім свеце, яшчэ ніводная краіна не дабілася сурʼёзных вынікаў у першаснай прафілактыцы анкалагічнага захворвання.

«Першасная прафілактыка – гэта засцярога ад зʼяўлення раку, гэта значыць, што трэба правесці нейкія дзеянні, каб знізіць захворванне. А гэта практычна немагчыма. Асабліва ў выпадку раку малочнай залозы, які не толькі агрэсіўны, але і хутка расце. Калі я пачынаў працаваць мамолагам 40 гадоў таму, у Беларусі захворвалі прыкладна 1200 жанчын на год, а сёння лічба ўжо большая за 4 тысячы», – кажа лекар.

У барацьбе з ракам застаецца толькі развіваць другасную і трацічную прафілактыку.

«Другасная прафілактыка – гэта і ёсць скрынінг, ранняе выяўленне даракавых і ракавых захворванняў на той стадыі, калі іх можна пралячыць, каб чалавек жыў. А трацічная прафілактыка – гэта назіранне за ўжо пралечанай групай насельніцтва, кантроль за тым, каб не ўзнікала запушчаных метастазаў», – тлумачыць адмысловец.

Але ўсе гэтыя спосабы, упэўнены Леанід Путырскі, немагчымыя без усвядомленасці і жадання чалавека трымаць пытанні свайго здароўя пад кантролем.

Алена Дубовік belsat.eu

Стужка навінаў