З поўдня на поўнач – і наадварот. Як адбываліся рэвалюцыі ў Кыргызстане

Аляксандр
Гелагаеў
гісторык, вайсковы аглядальнік

З 5 кастрычніка ў Кыргызстане праходзяць масавыя акцыі пратэсту супраць вынікаў парламенцкіх выбараў, якія суправаджаюцца сутыкненнямі з праваахоўнікамі ды захопам ўрадавых будынкаў.

Такім чынам можа адбыцца ўжо трэцяя гвалтоўная змена ўлады ў краіне за апошнія 15 гадоў. Як і чаму праходзілі папярэднія гвалтоўныя змены ўлады ў Кыргызстане?

Азіяцкая стабільнасць

У 1991 годзе, калі Кыргызстан стаў незалежным, ім ужо кіраваў Аскар Акаеў – яшчэ савецкі функцыянер, які чатыры разы перамагаў на выбарах і двойчы праз рэферэндумы працягваў свае паўнамоцтвы.

З 5 кастрычніка ў Кыргызстане праходзяць масавыя акцыі пратэсту супраць вынікаў парламенцкіх выбараў. Фота: Mikhail Yegikov / TASS / Forum

Аднак ужо ў 2000-я ў краіне нарастаў палітычны і эканамічны крызіс – насельніцтва было не задаволенае ўзроўнем жыцця, саступкамі Акаева Кітаю, мацней абвастраліся супярэчнасці паміж паўночным і паўднёвым рэгіёнамі краіны, пры панаванні «паўночных» у органах улады рабіліся ўсё больш відавочныя карупцыя і адсутнасць эфектыўнай сістэмы кіравання і аховы правапарадку.

Цюльпанавая рэвалюцыя

2005 год у Кыргызстане пачаўся з размоваў пра чарговы тэрмін прэзідэнцтва Акаева. На гэтым фоне ў краіне ў лютым – сакавіку за два туры прайшлі парламенцкія выбары, на якіх фармальна абсалютна перамаглі прыхільнікі Акаева. Аднак назіральнікі ад АБСЕ і Еўрапарламенту заявілі, што выбары не адпавядалі міжнародным нормам.

Пачаліся масавыя акцыі пратэсту – перш за ўсё на поўдні краіны. Мясцовыя органы ўлады і міліцыя не заміналі пратэстоўцам, а вынікі выбараў у некаторых акругах Цэнтрвыбаркам пачаў прызнаваць несапраўднымі.

Сілавыя метады рэагавання на пратэсты аказаліся непаслядоўнымі – спачатку спецназ і міліцыя вызваляюць будынкі адміністрацыяў, потым пратэстоўцы іх зноў захопліваюць. Абодва бакі абвінавачваюць адзін аднаго ў гвалце. Аказваецца, улады проста не маюць дастаткова надзейных войскаў, каб супрацьстаяць маштабным рашучым пратэстам.

20 сакавіка ўрад Кыргызстану кажа, што гатовы да перамоваў з апазіцыяй, а з наступнага дня пачынаецца пераход міліцыі на поўдні краіны на бок праціўнікаў Акаева. Прадстаўнікі апазіцыі заяўляюць, што ў выпадку перамогі будуць захоўваць хаўрус з Масквой.

Некалькі дзён краіна фактычна расколатая – на поўдні на базе міліцыі фармуюць атрады, якія пачынаюць патруляванне сваёй тэрыторыі, апазіцыя нават не выключае аддзялення і стварэння самастойнай дзяржавы.

24 сакавіка ў Бішкеку, сталіцы Кыргызстану, збіраецца неверагодна масавы паводле мясцовых маштабаў мітынг – 30 000 чалавек, і яго не змаглі разагнаць мясцовыя цітушкі ў цывільным. Мітынгоўцы перайшлі ў контранаступ, разагналі цітушак, а потым атакавалі і міліцыю – і захапілі Дом ураду. Акаеў уцякае з краіны.

Пасля гэтага апазіцыя, да якой лаяльна ставяцца і ЗША, і Расея, стала фактычнай (хоць і слабой) уладай у краіне. На фоне даволі масавай беднасці шмат якія людзі, палічыўшы, што старая ўлада несправядліва раздавала «сваім» зямлю і грошы, скарысталіся аслабленнем грамадскага парадку дзеля захопаў і знішчэння маёмасці.

Курманбек Бакіеў. Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko

4 красавіка Аскар Акаеў у амбасадзе Кыргызстану ў Маскве падпісвае заяву пра сваю адстаўку. У абмен яму абяцаюць пэўныя гарантыі: асабістая недатыкальнасць, імунітэт ад судовага пераследу, дзяржаўнае ўтрыманне і ахова на тэрыторыі краіны, захаванне асабістай маёмасці. Праўда, пазней ад гэтых гарантыяў засталіся толькі дзяржаўнае ўтрыманне, ахова і асабістая недатыкальнасць.

Новым прэзідэнтам краіны стаў Курманбек Бакіеў.

Новы дыктатар? – Новы пераварот

Аднак новая ўлада не развязала галоўных праблемаў Кыргызстану – захаваўся вельмі нізкі ўзровень жыцця, а людзі не атрымалі надзеі на перамены ў гэтай сферы. Таксама працягвалася барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі ўмоўных кланаў поўдня і поўначы краіны. У палітыцы прэзідэнта Бакіева сталі адзначаць павялічэнне аўтарытарных тэндэнцыяў.

Не сталі больш рашучымі, упэўненымі ў сабе і баяздольнымі і сілавыя структуры.

Гэтым разам падзеі разгортваліся не з поўдня на поўнач, а ў адваротным кірунку – хваляванні пачаліся 6 красавіка 2010 года ў горадзе Таласе, дзе пратэстоўцы захапілі будынак абласной адміністрацыі. Міліцыя і спецназ зноў нічога не змаглі зрабіць.

Закалоты ў Бішкеку, 5 кастрычніка. Фота: Abylai Saralayev / TASS / Forum

На наступны дзень пратэсты перакінуліся ў сталіцу. Тут войскі ды міліцыя адкрываюць агонь са стралковай зброі, аднак гэта не спыніла незадаволеных, а міністр унутраных справаў быў захоплены апазіцыянерамі ў палон і збіты. Зброя з’явілася і ў пратэстоўцаў, якія атакавалі ды захапілі будынак парламенту, генпракуратуру, прэзідэнцкі палац і тэлецэнтр.

Зноў па горадзе пракацілася хваля марадзёрства. Бакіеў намагаўся ўмацаваць уласныя пазіцыі на поўдні краіны, куды ён збег са сталіцы, аднак ужо 20 красавіка апынуўся ў Менску.

27 чэрвеня 2010 года ў Кыргызстане адбыўся рэферэндум аб новай Канстытуцыі, згодна з якой краіна стала парламенцкай рэспублікай.

Жыхары Бішкеку прыбіраюць тэрыторыю каля Белага дому, дзе месцицца Адміністрацыя прэзідэнта і парламент Кыргызстану, якія былі захопленыя ўдзельнікамі пратэстаў супраць вынікаў парламенцкіх выбараў у Кыргызстане. Фота: Abylai Saralayev / TASS / Forum

Ва ўмовах рэгіянальна-кланавай падзеленасці ды слабасці агульнанацыянальнай свядомасці, неэфектыўнасці афіцыйных дэмакратычных інстытутаў і панавання карупцыі парламенцкая рэспубліка захавала адносны спакой у Кыргызстане на 9 гадоў.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў