З польскай Акадэміі Мастацтваў – у беларускі ізалятар


Гамяльчанка Марыся Тульжанкова чырвоным па беламу прапаноўвала «Cашы больш не наліваць!» і ўжо 8 дзён адбывае адміністратыўны арышт у ізалятары, куды яе змясцілі «за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве».

У кватэры маці Марысі 12 кастрычніка супрацоўнікі правялі ператрус, падчас якога забралі (вынялі) камп’ютар, мабільны тэлефон, носьбіты інфармацыі. Афіцыйнай падстава – крымінальная справа аб масавых беспарадках у Гомлі (арт.342 КК РБ). Вядома што Марыся была дапытана спачатку ў фінансавай міліцыі, а потым у Следчы Камітэт у якасці сведкі, пасля чаго яе замкнулі ў ІЧУ Гомля.

Гамяльчанка Марыся Тульжанкова адбывае 15 содняў у ІЧУ Гомлі. Фота ад паплечнікаў асуджанай

Некалькі дзён не было аніякай інфармацыі пра яе прававы статус (адвакату адмовілі наведаць яе ў ізалятары, спаслаўшыся звязаныя з COVID-19 захады бяспекі). Але неўзабаве стала вядома, што суддзя Цэнтральнага раёну Алеся Восіпава прысудзіла Марысі Тульжанковай 15 дзён арышту паводле арт. 22.34 КАаП РБ (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) за ўдзел у Маршы пратэсту 30 жніўня, дзе яна прайшлася з плакатам «Сашы больш не наліваць!».

Сябры і паплечнікі ладзяць кампанію салідарнасці з Марысяй Тульжанковай, дасылаюць ёй у ізалятар лісты падтрымання, а таксама змяшчаюць пасты з хэштэгам #свабодуМарысі

Кіраўніцтва Акадэміі Мастацтваў у Польшчы (г. Вроцлаў) выступіла з заяваю, у якой рашуча асудзіла ціск і рэпрэсіі ў дачыненні да іхнае сёлетняе выпускніцы, а таксама абвесціла пра гатовасць Акадэміі і акадэмічнай супольнасці аказаць дзяўчыне дапамогу.

Гамяльчанка Марыся Тульжанкована мастацкай выставе. Фота з сацсетак асуджанай

«Наколькі мне вядома, Марыся была наездамі ў Гомлі, бо вучылася ў Польшчы і, канешне, не мела магчымасці браць актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці гораду, – распавядае журналістка і сябра «Талакі» Ларыса Шчыракова. – Мы былі з ёй на сувязі ўвесь час, я нядаўна прасіла яе зрабіць плакат салідарнасці з калегам Яўгенам Меркісам, які на той час знаходзіўся за кратамі. Яна зрабіла некалькі дыхтоўных варыянтаў плакату, я іх выкарыстоўвала падчас кампаніі салідарнасці з Яўгенам».

Марыся Тульжанкова малявала плакат за вызваленне Яўгена Меркіса

Сёлета 28 жніўня Марысю Тульжанкову ўжо затрымлівала міліцыя ў гіпермаркеце, дзе яна была з чырвонымі і белымі балонікамі, пратрымалі каля трох гадзінаў і адпусцілі без складання пратаколу. Пасля гэтага Марыся з’ехала ў Польшчу, каб абараніць свой дыплом. Праз паўтары месяцы выпускніца Школы Мастацтваў вярнулася дадому, дзе яе затрымалі зноў.

Праваабаронца Леанід Судаленка сочыць за сітуацыяй і паведамляе, што ўжо заключаная дамова з адвакатам на аказанне дапамогі, калі такая спатрэбіцца. Ён мяркуе, што трэба дачакацца сканчэння 15–дзённага арышту, бо тады стане вядома, ці здолелі супрацоўнікі Следчага Камітэту знайсці на Марысю Тульжанкову нейкі кампрамат (у тым ліку і ў ейным кампʼютары) і ці пераслед скончыцца «соднямі».

«Думаю, што нейкую крымінальную справу ў дачыненні да яе высмакталі з пальцу, каб мець магчымасць прыйсці ў хату і забраць тэхніку ды носьбіты інфармацыі, – кажа журналістка Ларыса Шчыракова.

– Перад спецслужбамі стаіць задача – змагацца з тэлеграм–каналамі, якія нібыта каардынуюць акцыі пратэстаў. Прапаганда цвердзіць, што каналы каардынуюць асобы з замежжа, у тым ліку і з Польшчы, а Марыся навучалася менавіта там, таму яе могуць зрабіць каардынатарку пратэстаў праз тэлеграм–каналы. А пакуль корпаюцца ў ейным кампʼютары, вырашылі закрыць яе ў ізалятары».

Гамяльчанка Марыся Тульжанкова сярод сяброў з гомельскае «Талакі». Фота з сацсетак асуджанай

Марыся Тульжанкова вядомая ў Гомлі актывістка краязнаўчай, маладзёвай арганізацыі «Талака», якая займаецца адраджэннем і папулярызацыяй этнічных, беларускіх святаў, зборам этна–фальклёрнага матэрыялу. Пад кіраўніцтвам Марысі былі праведзеныя дзясяткі народных святаў: «Купалле», «Каляды», «Гуканне вясны», «Жаніцьба Коміна» ды інш. Яна таксама арганізоўвала шматлікія фальклёрна–этнаграфічныя экспедыцыі па Гомельшчыне, падчас якіх талакоўцы збіралі інфармацыю аб народных беларускіх абрадах, запісвалі песні, танцы, замовы ды інш. Сабраны матэрыял чальцы арганізацыі апрацоўвалі і прэзентавалі публічна. Падчас навучання ў Польшчы Марыся Тульжанкова ў час розных культурніцкіх імпрэзаў знаёміла палякаў з беларускай, традыцыйнай культурай.

Ліст у ІЧУ да Марысі Тульжанковай, якая атрымала 15 содняў. Фота аўтаркі ліста

Марыся Тульжанкова мае выйсці на волю 27 кастрычніка. Лісты салідарнасці і падтрымання ейныя аднадумцы прапануюць даслаць на адрас: 246012, Гомель, вул. Міжгародняя, 26 ІЧУ УУС Гомельскага аблвыканкаму.

Ганна Кавальчук Belsat.eu

Стужка навінаў