«З паўдзікай Прыпяці хочуць зрабіць канал». Інтэрв’ю з эканамістам Святаславам Валасюком


Праект воднай трасы Е-40 падзяліў улады Беларусі. Паводле канцэпцыі, з Балтыйскага ў Чорнае мора па рэках Беларусі паплывуць вялікія статкі. Пакуль што гэта толькі праект аднаўлення воднай трасы Е-40. Але ці можна аднавіць тое, чаго не было, і каму выгадна будаваць плаціны на Прыпяці, а хто ў Беларусі на гэтым страціць?

Інтэрв’ю Сяргея Пелясы ў «Прасвеце» з эканамістам Святаславам Валасюком – працаўніком Цэнтру экалагічнай эканомікі Варшаўскага ўніверсітэту. Ён пільна назірае за праектам Е-40.

Нядаўна адбылося спатканне ў Кіеве, у якім удзельнічалі міністры транспарту Украіны і Беларусі. Яны падпісалі дарожную карту, звязаную з будаваннем гэтага праекту. Ці ведаем мы нешта пра гэтую дарожную карту?

Пакуль што ведаем няшмат, сам тэкст дарожнай карты яшчэ не даступны. Сітуацыя наагул даволі дзіўная, бо ўжо шмат гавораць пра гэты праект, але калі даходзіць да канкрэтыкі, то адказ афіцыйных асобаў звычайна такі: маўляў, мы яшчэ не да канца ведаем, што гэта будзе, трэба правесці ўсе належныя экспертызы, вось тады будзем ведаць. Складаецца ўражанне, што не вядома, што будуць рабіць, але рабіць нешта будуць.

Значыць, можна сказаць, што гэты амбітны праект, кошт якога ацэньваюць прыкладна на 10 мільярдаў еўраў, віламі па вадзе пісаны?

Гэта заніжаная ацэнка.

Таямнічы інвестар

Міністр транспарту Украіны заявіў, што ў 2018 годзе Украіна пачне рэканструкцыю шлюзаў Прыпяці ды паглыбленне дна. Не маючы ніякага праекту, яны ўжо пачнуць нейкія працы. Чаму? Ці яны хочуць выйсці наперад і паказаць, што яны хутчэй за іншых пачнуць?

Апошнімі тыднямі гэта сітуацыя моцна актывізавалася. Я зноў кажу, што аперую толькі чуткамі ці домысламі, але можа здавацца, што знайшоўся нейкі інвестар, або нехта іншы.

Хто можа быць такім вялікім інвестарам? Гаворка ішла пра Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, але тут хтосьці іншы?

Наўрад ці Еўразвяз, бо нядаўна з’явіўся ў межах «Усходняга партнёрства» дакумент, які прапісвае транспартныя калідоры. Транспартнага калідору Е-40 для Беларусі там няма.

Затое літаральна днямі я бачыў на сайце ўкраінскага агенцтва УНІАН мапу: «шоўкавы шлях» з Кітаю праз Каўказ, праз Чорнае мора – кантэйнерныя перавозкі з Адэсы ў Беларусь. І менавіта вось праз Мазыр, праз гэтую тэрыторыю. Можа быць, з гэтым звязана?

Фота UNIAN

Ёсць такая здагадка, што гэты таямнічы інвестар можа быць з паўднёва-ўсходняй Азіі. Гэта не вельмі добра, бо еўрапейскія інвестары надаюць больш увагі экалагічнаму боку пытання, для азіяцкіх інвестараў гэта не так істотна.

Адныя рэгіёны – заліць, другія – пазбавіць вады

Праект грандыёзны. Зірнем на мапу. Шлях будзе весці з Балтыйскага ў Чорнае мора праз тэрыторыю Беларусі, праз Палессе роднае нам з вамі, па Прыпяці. На Прыпяці тузін ахоўных зонаў: нацыянальныя паркі, заказнікі. Як такі праект можа паўплываць на экалогію, біясферу на поўдні Беларусі?

Гаворка ідзе пра змены на ландшафтным узроўні, бо гэткі вялікі праект, сутнасць якога ў тым, каб ператварыць паўдзікую раку, якая ў стане, блізкім да натуральнага, у канал ці ў шэраг вадасховішчаў, плацінаў і гэтак далей, не можа не закрануць навакольных тэрыторыяў, насельніцтва і разнастайнасці.

Што трэба зрабіць, каб рэалізаваць гэты праект, каб вялікія судны маглі вазіць кантэйнеры, ці нешта іншае? Трэба паглыбіць, ці рэчышча іначай скіраваць, збудаваць каналы?

Ніхто не можа сказаць пра захады, пакуль не бачыў канкрэтнага праекту. З размоваў з гідролагамі вынікае наступнае: усе мы ведаем, што ў выніку кліматычных зменаў у Прыпяці цяпер вельмі мала вады. Каб мець належны ўзровень, трэба трымаць узровень, які адпавядае чацвёртаму класу суднаходнасці – круглы год, калі не памыляюся, мусіць быць не менш за два метры глыбіні. Гэта вымагае каскадызацыі, напрыклад, ракі. Гэта адно з магчымых рашэнняў.

То бок будаванне плацінаў і розныя ўзроўні: заліваць некаторыя рэгіёны, а некаторыя – наадварот, пазбаўляць вады, так?

Так, ператварэнне ракі ў каскад вадасховішчаў – тое самае, што зрабілі з Дняпром.

Мне падаецца, у цывілізаваных краінах ніхто ў свеце нічога падобнага не робіць. Ці ёсць нейкія аналагічныя праекты, што былі рэалізаваныя? Я чуў, што ў Польшчы на Одры нешта падобнае было.

У Польшчы літаральна нядаўна трэці раз запар – бо яна трэці раз афіцыйна адкрываецца – адкрылі плаціну на Сьвінна Парэмба. Яе будавалі сорак гадоў, і фактычна дагэтуль не дабудавалі, гэта рэалізацыя задумы канца 1960-х гадоў.

Мы кажам пра экалогію. А якія эканамічныя абгрунтаванні рэалізацыі гэтага праекту, ці ён выгадны эканамічна?

Тут я магу казаць больш дакладна, таму што разам з калегамі з Варшаўскага цэнтру экалагічнай эканомікі, прафесарам Мікалаем Чайкоўскім з Варшаўскага ўніверсітэту, мы рабілі аналіз дакументаў, якія на сённяшні дзень існуюць наконт Е-40. Аналіз засведчыў, што падчас выканання тэхнічна-эканамічнага абгрунтавання метадалогія была парушаная, і нейкай эканамічнай рацыі для рэалізацыі гэтага праекту мы не бачым. Тыя вялікія мільярды інвестыцыйных выдаткаў, якія запланавалі, засталіся па-за дужкамі іхнага аналізу.

Не паўтарыць трагедыі меліярацыі

То бок, пагроза экалогіі ёсць, эканамічнага абгрунтавання няма. Дык адкуль столькі шуму, і наагул, хто ініцыяваў гэты праект? Каму ён выгадны?

Перадусім падобна на тое, што гэта ведамасныя інтарэсы, бо кантынентальны, рачны водны транспарт у сённяшнім свеце фактычна зрабіўся сістэмна неканкурэнтным, прынамсі ў Еўропе, і вельмі нішавым. Напрыклад, Рэйн – кластарны транспарт, які завязаны на вялікія марскія парты. Насамрэч водны транспарт сістэмна прайграе наземным відам транспарту, у першую чаргу аўтамабільнаму і чыгуначнаму.

То бок частка ведамстваў. Але як цэнтральная ўлада Беларусі – Лукашэнка ці ўрад – як яны да гэтага ставяцца? Ці ёсць нейкая пазіцыя, ці яна яшчэ не акрэсленая?

Складана сказаць, літаральна 15 лістапада выйшла распараджэнне, падпісанае віцэ-прэм’ерам Калініным, наколькі мне вядома, якое прадугледжвае выкананне адпаведных працаў на Прыпяці за бюджэтны кошт і ўключэнне гэтых працаў у інвестыцыйную праграму на 2018 год. Таксама ёсць падставы меркаваць, што прэм’ер-міністр Кабякоў таксама прыхільнік гэтых планаў.

А хто можа быць праціўнікам?

Праціўнікам можа быць Міністэрства прыродных рэсурсаў. Прынамсі некалькі тыдняў таму адбылася грамадская каардынацыйная нарада Міністэрства прыродных рэсурсаў, і прысутны міністр засведчыў, што міністэрства ёсць праціўнікам гэтых планаў і ўсведамляе іхную небяспеку. Не думаў, што я буду казаць гэтыя словы ў гэтай студыі гэтай аўдыторыі, але ў пэўным сэнсе добра, што Беларусь – цэнтралізаваная дзяржава, і нейкае адное мудрае цэнтралізаванае рашэнне можа спыніць усё гэта.

Зразумела, даводзіцца разлічваць на Лукашэнку ці кагосьці іншага, хто памятае пра трагічны досвед меліярацыі, якая праводзілася ў 1970–1980-ыя гады. Гэта скончылася тым, што на Палессі разбураная экасістэма. Каб не паўтарыць трагедыі, трэба вельмі пільна ацэньваць гэты праект.

Інтэрв’ю паказалі 8 снежня 2017 г. у праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою.

Таксама ў праграме:

«Толькі на падтрыманне штаноў». Беларусь – аўтсайдар рэгіёну па выдатках на абарону

«Яны не зрабілі ніякіх высноваў». Пра дыскваліфікацыю РФ інтэрв’ю з рэдактарам «Tribuna.com»

30 месцаў у Польшчы, дзе можна будзе нешта купіць у нядзелю

Стужка навінаў