З падазрэннем на пнеўманію не патрэбны. Гарадзенца пагналі з усіх медычных установаў


Аляксей Уколаў. Фота – Васіль Малчанаў /«Белсат»

З накіраваннем на тэрміновы рэнтген лёгкіх 27-гадовы жыхар Горадні два дні марна падарожнічаў па паліклініках і выседжваў у чэргах. Belsat.eu даведаўся, чым пацыент не спадабаўся дактарам.

Праверыць лёгкія Аляксей Уколаў вырашыў пасля з’яўлення трывожных сімптомаў: сухога дакучлівага кашалю ды аддышкі. Гарадзенец працуе з людзьмі ў юрыдычнай галіне, і апроч свайго здароўя адчувае адказнасць за здароўе іншых. Тым больш, у час пандэміі.

Накіраванне з пазнакаю Cito

Накіраванне ад лекара (прозвішча і пячатка схаваныя рэдакцыяй). Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Аляксей прыйшоў да тэрапеўта 15 красавіка ў Паліклініку № 5, паводле месца жыхарства. Ад лекара атрымаў некалькі накіраванняў:

  • рэнтген лёгкіх з пазнакай Cito (з лацінскай – «Тэрмінова!»),
  • электракардыяграма сэрца,
  • біялагічныя аналізы (кроў, мача).

Пакуль чакаў у чарзе на ЭКГ, назіраў, як палову паліклінікі абцягваюць стужкай, якая забараняе ўваход.

«У калідоры сядзеў у масцы, чакаў чаргі, з кабінету ЭКГ выйшла жанчына і пачала «наязджаць», чаму, маўляў, я кашляю, – распавядае Аляксей, – Кажа мне: «Чаму вы прыйшлі? Хто вас сюды пусціў? Сядзіце ў хаце і выклікайце хуткую, няма чаго хадзіць да нас!» А я ж наўпрост прыйшоў ЭКГ зрабіць паводле накіравання тэрапеўта».

Паліклініка № 5 у Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Пасля Аляксей пайшоў па талон на рэнтген у рэгістратуру, дзе паказаў накіраванне з пазнакаю «Cito». У адказ яму патлумачылі, што рэнтген… не працуе, а на другі апарат рэнтгену, што ў суседнім корпусе, няма талонаў, і дапамагчы яму тут нічым не могуць.

«Мусіў вярнуцца па тэрапеўта і толькі дзякуючы яму атрымаў талон на здымак лёгкіх… праз паўтары тыдні, 24 красавіка, – працягвае Аляксей, – Як разумееце, гэта далёка ад Cito. Пасля супрацоўнік рэнтген-кабінету мне даводзіў, што тэрмінова рэнтген не робіцца ў прынцыпе. Маўляў, платна робяць максімум 3 чалавекі на дзень, астатнія – згодна з чаргою».

З падазрэннем на пнеўманію – не патрэбны

Лякарня хуткай дапамогі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Цягам двух дзён Аляксей зразумеў, што на тэрміновую дапамогу, нават з прыярытэтам (Cito), разлічваць ён не можа. Мужчына тэлефанаваў ва ўсе вядомыя медычныя ўстановы гораду: вайсковы шпіталь, гарадскія паліклінікі № 6, № 4, № 7, № 3, туберкулёзны дыспансер і іншыя.

«У адзін голас усе адмаўлялі, маўляў, мы чужым не робім, а тым больш з падазрэннем на пнеўманію вы нам тут не патрэбныя, – узгадвае Аляксей, – Сазваніліся ўрэшце з Лякарняй хуткай дапамогі. Сказалі, на 14.00 прыходзьце – зробім. Прыйшоў, а мяне развярнулі на ўваходзе. Бо а 13.30 старэйшая сястра наказала нікога на рэнтген не пускаць».

На гэтым варыянты скончыліся… Атрымалася, што ані накіраванне лекара, ані пазнака Cito не дапамаглі праверыць лёгкія. Не запрапанавалі ніякай альтэрнатывы ў якасці іншай медычнай установы, дзе можна зрабіць здымак тэрмінова, як доктар прапісаў.

«Дапамагла настойлівасць і шчаслівы момант. У адной з паліклінік трапілася адэкватная жанчына. Рэнтген зрабіла адразу. А яшчэ супрацоўніца медустановы (імя не буду агучваць) дадала, што я смела пасля ўсяго гэтага магу скардзіцца ў Аблздраў», – падводзіць вынік сваёй эпапеі Аляксей.

Медработнікі хаваюцца ад хворых

Лякарня хуткай дапамогі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

У плане асабістага здароўя гісторыя Аляксея скончылася пазітыўна: на здымках грудной клеткі парушэнняў не выявілі. Калі казаць пра два дні ў падарожжы па медустановах, дзе цябе адпіхваюць з павышаюць голас – уражанні не самыя лепшыя.

«Я пабачыў, што супрацоўнікі практычна ўсіх медычных установаў гораду ад страху пахаваліся па кабінетах і не гатовыя аказваць дапамогу, – рэзюмуе Аляксей, – А калі б на коне было жыццё чалавека? Прамым тэкстам кажуць: «Сядзіце ў хаце і там хварэйце». Няўжо гэта правільна? Па выніку засталіся патрапаныя нервы ды агульнае адчуванне абыякавасці з боку медыкаў».

Дзякуе Аляксей толькі выключэнням з правіла, асабліва тэрапеўтцы з пятай паліклінікі. Напрыканцы размовы Аляксей Уколаў параіў іншым патэнцыйным пацыентам не замыкацца дома, калі табе адмаўляюць у дыягназаванні хваробы, а змагацца за сваё здароўе.

АК Belsat.eu

Стужка навінаў