З пачатку году ў Беларусі адбылося больш за 600 лясных пажараў


Першыя лясныя пажары былі зафіксаваныя яшчэ ў сакавіку праз ранні прыход вясны, а летам такія выпадкі здараліся да 50 разоў на дзень.

«Усяго з пачатку года зафіксавана ўжо больш за 600 лясных пажараў. Большасць з іх, дзякуючы своечасоваму выяўленню, атрымалася ліквідаваць яшчэ на ранняй стадыі. Аднак былі і іншыя выпадкі: усе чулі, да прыкладу, аб трансгранічным пажары ў Палескім лясгасе, які літаральна за некалькі дзён знішчыў тысячы гектараў лесу», – распавялі БелТА ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.

Для ліквідацыі лясных пажараў у сістэме Мінлясгаса задзейнічалі 257 пажарна-хімічных станцый, а таксама 660 пунктаў супрацьпажарнага інвентару, укамплектаваных усімі неабходнымі сродкамі тушэння.

Для выяўлення пажару на ранняй стадыі была створана сетка з больш чым 630 пажарна-назіральных вышак і мачтаў, з іх звыш 550 абсталяваныя камерамі відэаназірання.

Чакаецца, што да канца году ўсталююць яшчэ 25 пажарна-назіральных вышак і мачтаў і 42 сістэмы відэаназірання. А да 2021-га міністэрства плануе завяршыць стварэнне сістэмы аховы лясоў ад пажараў дыстанцыйнымі метадамі.

Забарона на наведванне лясоў цяпер дзейнічае ў 23 раёнах Беларусі. Абмежаванні распаўсюджваюцца на большую частку тэрыторыі Гомельскай вобласці (акрамя Рагачоўскага, Жлобінскага і Кастрычніцкага раёнаў), на тры раёны Магілёўскай (Краснапольскі, Касцюковіцкі і Хоцімскі) і на два Берасцейскай (Лунінецкі і Столінскі). На сайце Мінлясгаса ёсць інтэрактыўная карта, па якой можна адсочваць увядзенне і зняцце абмежаванняў у пэўным рэгіёне.

Асноўная прычынай лясных пажараў звычайна стае чалавечы фактар, парушэнне людзьмі правілаў пажарнай бяспекі ў лесе. У 2018 годзе да адміністратыўнай адказнасці прыцягнулі 466 асобаў, у тым ліку за незаконную вырубку і забруджванне лясных угоддзяў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў