Сёлета «Белсат» святкуе сваё 10-годдзе. Акрамя новых праграмаў, фільмаў, серыялаў і стрымаў у юбілейным сезоне мы падрыхтавалі для вас адмысловае графічнае афармленне.
Яго галоўнымі элементамі стануць зоркі і надпіс «10 гадоў свабоды».
Пра канцэпцыю новага дызайну распавядае вядомы польска-французскі графік і дызайнер Людвіг Беразоўскі, які, між іншым, змяніў лагатып «Citroen», і супрацоўнічаў з Sotheby’s і Louis Vuitton.
«Графічнае афармленне будуецца на канцэпцыі свабоды таго, што 10 гадоў «Белсат» – еўрапейскае тэлебачанне, якое вяшчае з Польшчы. Адтуль 10 еўрапейскіх зорак, якія сімвалізуюць 10 гадоў. Каб глядач ведаў, што гэта еўрапейскі канал, а яго праграмы з незалежным бачаннем, якія супрацьстаяць прапагандзе. У параўнанні з беларускімі дзяржаўнымі каналамі «Белсат» дае выбар», – распавёў Людвіг Беразоўскі.
Яшчэ да запуску вяшчання тэлеканалу Аляксандр Лукашэнка ў красавіку 2007 году назваў «Белсат» «глупым, бестолковым и недружественным» праектам. 10 снежня 2007 году «Белсат» пачаў спадарожнікавыя трансляцыі для Беларусі. І з той пары ўлада цісне на нашых журналістаў і аўтараў. Аднак усе гэта не ўплывае на нашую працу. Мы развіваемся і запускаем новыя праекты. Заставайцеся з намі!