«З нагоды сумлення». Фільм Мэла Гібсана, які будзе мацнейшы за стужку пра салдата Раяна


Сусветная прэмʼера новага твора Мэла Гібсана адбылася яшчэ ў верасні па-за конкурсам Венецыянскага фестывалю. А гэта – амерыканская прэмʼера ў Бэвэрлі-Хілз. Славутаму актору і рэжысёру цяпер 60, у рэжысёрскае крэсла ён вярнуўся пасля 10-гадовага адпачынку.

«Добры чалавек той, хто клапоціцца больш аб іншых, чым пра сябе. Я адшукаў такога персанажа, героя Другой сусветнай вайны, і палічыў, што абавязаны зняць пра яго фільм», – кажа творца.

Сапраўдная назва стужкі – «Шурпаты хрыбет» (японскі форт, які вайскоўцы мусілі захапіць). У мясцовым пракаце назва «З нагоды сумлення», бо галоўны герой – адвентыст сёмага дня, ён хоча ісці на вайну, змагацца, але не можа браць у рукі зброю. Ролю гэтага хлопца з імем Дэсманд Дос выконвае экс-«чалавек-павук» Эндру Гарфілд:

– Мой герой – гэта новая форма ўвасаблення мужнасці, моцы. Ён адмовіўся ад гвалту ў самым яго эпіцэнтры. Уратаваў жыццё шматлікіх. І можа паслужыць узорам для хлопцаў.

– Мужнасць – гэта штосьці асаблівае, – кажа Мэл Гібсан, герой і стваральнік такой кінакласікі, як «Адважнае сэрца», – Мяне захапляе відовішча крыві і гвалту, але справядлівасць і бог захапляюць таксама. Я злучыў свае захапленні ў гэтым фільме.

«Жорсткасць, натуралізм, шчыры пафас, рэалізм выводзяць фільм у шэраг найлепшых ваенных відовішчаў у гісторыі кіно. Слава «Салдата Раяна» памеркне» – пра гэта разважаюць усе назіральнікі, хто паглядзеў новы твор Мэла Гібсана.

Акторы Вінс Вон і Люк Брэйсі запэўнілі, што з Мэлам Гібсанам працаваць лёгка, зразумела, весела… Што ён надта таленавіты рэжысёр і што яны пайшлі б за ім у бойку і ў партызаны.

А на прэмʼеры маем магчымасць убачыць шостага сына Мэла ГібсанаМайло. Цяпер яму 26, у гэтым фільме дэбют хлопца ў кіно.

– Чаму так позна? Ну, я ведаў, што калі-небудзь гэта здарыцца. Але цікавіўся іншымі рэчамі. Цяпер жа надыйшoў час, і я пачаў здымацца.

Што ж, у нас з вамі пасля 17 лістапада зʼявілася магчымасць паглядзець «Шурпаты хрыбет» ці «З нагоды сумлення» у беларускім пракаце. Фільм лічыцца моцным прэтэндэнтам на Оскар.

Увечары 17 лістапада а 22:10 глядзіце выданне праграмы «Відзьмо-невідзьмо» цалкам у эфіру «Белсату».

Сяргей Філімонаў, belsat.eu

Стужка навінаў