З кім і навошта Віктар Лукашэнка лётаў у Абу-Дабі?


Прыватны самалёт бізнес-класа Gulfstream G550 пад бартавым нумарам EW-001PJ вылецеў з Менску ў Абу-Дабі 29 лютага, а вярнуўся ўчора, 4 сакавіка. Паводле інфармацыі тэлеграм-канала NEXTA, сярод пасажыраў самалёта быў Віктар Лукашэнка, алігарх Аляксей Алексін і яшчэ чатыры чалавекі. Belsat.eu высвятляў, што вядома пра людзей, якія разам з сынам кіраўніка Беларусі наведвалі Абу-Дабі.

Самалёт EW-001PJ.
Фота: t.me/nexta_tv

«Ніколі не было прыватнага самалёту»

Самалёт, які лётаў у Абу-Дабі, быў выпушчаны на заводзе Gulfstream Aerospace ў ЗША, піша TUT.by. Упершыню ён падняўся ў паветра 16 красавіка 2019 года. У верасні 2019 года Gulfstream G550 пакінуў ЗША і апынуўся ў аэрапорце Вены, адкуль прыляцеў у Менск. Блогер NEXTA паведамляў, што прыватны самалёт з ліўрэяй у колерах дзяржаўнага сцягу быў набыты праз аўстрыйскую кампанію, перагнаны ў Менск, пасля чаго нібыта стаў «уласнасцю Лукашэнкі». Прэс-сакратарка кіраўніка краіны Наталля Эйсмант гэтую інфармацыю зняпраўдзіла, падкрэсліўшы, што прыватных самалётаў у Лукашэнкі «ніколі не было, няма і цяпер».

У кастрычніку 2019 года бізнес-джэт з бартавым нумарам EW-001PJ здзейсніў палёт з Менску ў Варшаву, дзе тады праходзіла Генеральная асамблея Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Беларускую дэлегацыю ў сталіцы Польшчы ўзначальваў першы віцэ-прэзідэнт НАК Віктар Лукашэнка.

З 28 кастрычніка па 8 лістапада 2019 года бізнес-джэт знаходзіўся ў Абу-Дабі – у той перыяд ААЭ наведваў Аляксандр Лукашэнка з сынамі. Зноў у Абу-Дабі самалёт з беларускім сцягам накіраваўся 29 лютага 2020 года.

Паводле TUT.by, калі бізнес-джэт у верасні 2019 года ляцеў з Вены ў Менску, у ягонай картцы было пазначана, што заказчыкам самалёта стала аўстрыйская кампанія Eolinus Beteiligungsverwaltung. Уласнікам Eolinus Beteiligungsverwaltung з’яўляецца малавядомы бізнесовец Аляксей Лысенкаў – сузаснавальнік і дырэктар некалькіх фірмаў у Расеі. Адна з гэтых фірмаў – маскоўскае ТАА «Юларус», 99% якой належыць эстонскай NT Marine. Паводле РБК, NT Marine у сваю чаргу звязана з беларускім алігархам Мікалаем Вараб’ем. Сама аўстрыйскай Eolinus Beteiligungsverwaltung зарэгістравана ў Вене па адным адрасе з дзвюма кампаніямі, якімі валодае дачка алігарха Кацярына Варабей.

Як сцвярджае TUT.by, раней гэты бізнес-джэт таксама быў заўважаны ў алігарха Аляксея Алексіна – партнёра Мікалая Вараб’я па «Брэміна Груп».

Паводле тэлеграм-каналу NEXTA, Алексін быў адным з пасажыраў Gulfstream G550, які 4 сакавіка вярнуўся з Абу-Дабі ў Менск. Таксама сярод пасажыраў былі Віктар Лукашэнка, Паліна Галавіна, Сяргей Зелянкевіч, Сяргей Мікуліч і Вячаслаў Асіпенка. Што звязвае ўсіх гэтых людзей з Віктарам Лукашэнкам і ААЭ?

Алігархі-фаварыты

Аляксея Алексіна і Мікалая Вараб’я называюць новымі фаварытамі Аляксандра Лукашэнкі сярод алігархаў. У апошнія гады яны атрымалі беспрэцэдэнтныя прывілеі ў розных сферах бізнесу. Алексіну Лукашэнка даў выключныя правы ў сферы гандлю тытунём. Кампаніі алігарха «Энерго-Оил», у прыватнасці, дазволілі стварыць адзіную тавараправадную сетку – менавіта так з’явілася скандальна вядомыя кіёскі «Табакерка». А кампанія Вараб’я «БелКазТранс» атрымала манапольны кантроль над транзітам вугля праз Беларусь.

Hавiны
«Дзеткі павінны страляць». Што ўлады дазволяць стралковаму комплексу алігарха Алексіна
2019.10.10 14:34

Акрамя таго, Аляксей Алексін, Мікалай Варабей і Аляксандр Зайцаў з’яўляюцца саўладальнікамі (кожны мае па ⅓ у статутным фондзе) кампаніі «Брэміна Груп», якая займаецца развіццём мульцімадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу «Брэміна-Ворша». Праз розныя прывілеі, атрыманыя ад дзяржавы, СМІ называюць гэты комплекс «аршанскім афшорам».

Hавiны
Чэшскі трэнер распавёў пра бізнес-сувязі Віктара Лукашэнкі
2020.01.02 11:42

Алексіна, Вараб’я і Зайцава ў СМІ лічаць асобамі, набліжанымі да Віктара Лукашэнкі. Напрыклад, паводле СМІ, Зайцаў раней працаваў памочнікам Віктара Лукашэнкі.

Сын генпракурора РФ Арцём Чайка і Віктар Лукашэнка. Фота – TUT.by

Алексін у сваю чаргу падтрымлівае развіццё байкерскага руху, што з’яўляецца вядомым хоббі Віктара Лукашэнкі. Фестывалі H.O.G. Rally Minsk арганізоўвае маскоўскі байкерскі клуб Iron Birds, якім кіруе скандальна вядомы расейскі бізнесовец Арцём Чайка, і беларуская кампанія «Мота Івэнт». Палова кампаніі «Мота Івэнт» належыць Дзмітрыю Паўловічу – топ-менеджэру Алексіна, а палова – расейцу Аляксандру Кітаеву, блізкаму да Арцёма Чайкі.

Пра сяброўства Арцёма Чайкі і Віктара Лукашэнкі вядома даўно – яны неаднаразова з’яўляліся разам на байкерскіх злётах. Летась Віктар Лукашэнка разам з Алексіным наведалі мотафестываль H.O.G. Rally у Варонежы.

Арцём Чайка і Аляксей Алексін на мотафестывалі ў Варонежы. Фота – riavrn.ru

Інтарэсы ў ААЭ у Алексіна таксама існуюць – паводле «Ежедневника», у гэтай арабскай краіне ён валодае кампаніямі Petrotrade і Broker.

Зорка спартовай бюракратыі

Паліна Галавіна. Фота – olympic.org

Паліна Галавіна – генеральная сакратарка Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. Нагадаем, што прэзідэнтам НАК з’яўляецца Аляксандр Лукашэнка, а першым віцэ-прэзідэнтам – Віктар Лукашэнка.

У свае 29 гадоў Паліна Галавіна зрабіла бліскучую кар’еру ў сферы спартовай бюракратыі. У 2012 годзе дзяўчына скончыла МДЛУ і адразу трапіла ў Беларускую федэрацыю паруснага спорту. БФПС тады ўзначальваў Ігар Рачкоўскі – экс-кіраўнік Дзяржпагранкамітэту, якога медыі называлі сябрам і саслужыўцам Віктара Лукашэнкі.

Галавіна спачатку была спецыялістам па міжнародных адносінах, а потым – прэс-сакратаркай федэрацыі. Акрамя таго, яна працавала для сайта НАК і асвятляла Алімпійскія гульні ў якасці рэпарцёркі. З 2016 па 2020 год Галавіна была генсекам Беларускай федэрацыі паруснага спорту. У студзені 2020 года Аляксандра Лукашэнка прапанаваў Галавіну на пасаду генеральнага сакратара НАК. Ужо праз тры дні пасля прызначэння Паліна Галавіна разам з Віктарам Лукашэнкам наведалі Лазану па справах алімпійскага камітэту.

Паліна Галавіна, Віктар Лукашэнка і Сяргей Зелянкевіч у Лазане, студзень 2020 года. Фота – noc.by

Цікавая дэталь: паводле NEXTA, самалёт EW-001PJ вяртаўся з Абу-Дабі ў Менск праз Кіеў, дзе прызямліўся 3 сакавіка. Сапраўды, на наступны дзень сайт НАК паведаміў, што Паліна Галавіна наведала з працоўным візітам Украіну. А вось пра візіт у ААЭ на сайце НАК інфармацыі няма – відавочна, што да справаў алімпійскага камітэту ён дачынення не меў.

Таямнічы памочнік

Сяргей Зяленкевіч таксама ўваходзіць у кіраўніцтва НАК – ён памочнік першага віцэ-прэзідэнта Віктара Лукашэнкі.

Віктар Лукашэнка (злева) і Сяргей Зелянкевіч (справа) у Варшаве на генасамблеі ЕАК, кастрычнік 2019 года. Фота – noc.by

Але гэта толькі адно з ягоных амплуа. Насамрэч 37-гадовы Зяленкевіч да спорту ніякага дачынення не мае – ён прафесійны дыпламат. Зяленкевіч скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносінаў, працаваў сакратаром аддзелу Афрыкі і Блізкага Усходу ўпраўлення Азіі і Афрыкі МЗС Беларусі, а потым займаў пасаду другога сакратара амбасады ў ААЭ (ці займае ён гэтую пасаду дагэтуль – невядома). Зяленкевіча можна пабачыць ледзь не на ўсіх фотасправаздачаў з візітаў Віктара і Аляксандра Лукашэнкі ў ААЭ.

Лукашэнка і Зяленкевіч у ААЭ, лістапад 2019 года. Фота – president.gov.by
Лукашэнка ў ААЭ ў лістападзе 2017 года. Фота – president.gov.by
Віктара Лукашэнкі і Зелянковіч падчас наведвання этапу чэмпіянату свету па аўтагонках «Формула-1» у Абу-Дабі, 2017 год. Фота – sheikhmohammed.ae
Аляксандр Лукашэнка, Віктар Лукашэнка і Зелянкевіч на сустрэчы з кіраўніком арабскай кампаніі «Emaar Properties», Менск, лістапада 2019 года. Фота – president.gov.by

Але Зяленкевіч не проста дыпламат. У чэрвені 2018 года ён суправаджаў Віктара Лукашэнку падчас ягонага «сяброўскага візіту» ў Чачэнію, дзе сын кіраўніка Беларусі сустракаўся з Рамзанам Кадыравым.

Чальцы беларускай дэлегацыі ў Чачэніі. Злева – Сяргей Зелянкевіч. Скрыношт з відэа ОНТ

Сам Віктар Лукашэнка казаў: разам з ім у Грозны прыехалі тыя, хто ў Беларусі кіруе сілавымі падраздзяленнямі. Што ў гэтай кампаніі рабіў прафесійны дыпламат, які спецыялізуецца на Блізкім Усходзе, – застаецца толькі здагадвацца.

Сяргей Зяленкевіч (другі злева) падчас візіта Віктара Лукашэнкі ў Чачэнію. Фота – ВК Рамзана Кадырава

Прычым чачэнскія медыі прадставілі Зяленкевіча як «кіраўніка апарату памочніка прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы» – то бок як кіраўніка апарату Віктара Лукашэнкі.

Аднак і гэта яшчэ не ўсё. У інтэрнэце можна знайсці профіль Зяленкевіча на Linkedin. Там акрамя працы ў амбасадзе ў ААЭ пазначана яшчэ адна пасада – дарадца ў УП «Тэтраэдр».

Скрыншот linkedin.com

УП «Тэтраэдр» – гэта прадпрыемства ваенна-прамысловага комплексу Беларусі, створанае ў 2001 годзе. «Тэтраэдр» спецыялізуецца на распрацоўцы радыёэлектронных сістэмаў узбраення, а таксама на мадэрнізацыі зенітных ракетных сістэмаў. Раней СМІ пісалі, што «Тэтраэдр» займаўся ў тым ліку мадэрнізацыяй сістэмаў СПА ў краінах Блізкага Ўсходу.

Акрамя ўсяго гэтага Зяленкевіч яшчэ і гулец аматарскай хакейнай каманды «Бастыён» Прэзідэнцкага спартовага клубу. У «Бастыёне» таксама гуляе і Віктар Лукашэнка.

Скрыншот http://sportclub.by/

Гуляе разам са старэйшым сынам кіраўніка Беларусі і яшчэ адзін пасажыр EW-001PJ, што прыляцеў 4 сакавіка з Абу-Дабі ў Менск – Сяргей Мікуліч.

Скрыншот http://sportclub.by/

Праўда, чым ён займаецца акрамя гульні ў хакей – невядома. Таксама не атрымалася знайсці інфармацыю пра Вячаслава Асіповіча – яшчэ аднаго пасажыру рэйсу, на якім ляцеў Віктар Лукашэнка.

***

Аляксандр Лукашэнка рэгулярна наведвае Абу-Дабі разам з сынамі Віктарам і Мікалаем. Кіраўнік Беларусі прыязджае ААЭ не толькі з працоўнымі візітамі, але і дзеля таго, каб ненадоўга «адысці ад штодзённага жыцця» і «абмакнуць ногі ў заліў». Віктар Лукашэнка прыязджае ў ААЭ і асобна – напрыклад, ён неаднаразова наведваў гран-пры па аўтагонках «Формула-1» у Абу-Дабі.

Hавiны
Беларусь і ААЭ: што звязвае нас з краінай, дзе Лукашэнка застаецца ўжо 5 дзён
2019.11.05 17:59

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў