З інтэрнату № 1 БДТУ ноччу медыкі ў ахоўным строі забралі хворага студэнта


Медыкі ў ахоўным строі забралі з інтэрната № 1 БДТУ, які размяшчаецца па вул. Бабруйская 25, хворага студэнта. Інцыдэнт адбыўся ў Менску ўначы на 29 лютага, паведамляе Telegram-канал «Работаем с Пушкиным!».

У інтэрнаце ўніверсітэту «Белсату» распавялі, што студэнту, якому выклікалі хуткую дапамогу, стала кепска і лекі яму не дапамагалі. Але пра каронавірус не вядзецца.

«У юнака паднялася тэмпература і балела галава. Студэнт прымаў лекі, але яны не дапамагалі. У сувязі з гэтым выклікалі хуткую дапамогу. Такія цяпер меры перасцярогі. Я яшчэ запыталася, дзе хлопец быў, з кім камунікаваў. Ён мне адказаў, што нідзе, акрамя, як у краме і не быў. Ведаеце, цяпер лепей перастрахавацца, пасля гэтага выпадку з іранцам. Але мы самыя былі ў шоку, калі прыехала хуткая, у такім выглядзе. Стала не па сабе, мы ўсе былі ўражаныя, перажываем», – распавялі «Белсату» у інтэрнаце № 1 БДТУ.

У інтэрнаце № 1 таксама нагадалі, што наведванне студэнтаў абмежавана. Дзяжурныя мусяць надзяваць маскі на твар.

У інтэрнаце па вуліцы Бабруйская пражываюць толькі грамадзяне Беларусі. Тут створана 104 пакоі, дзе могуць пражываць 416 студэнтаў.

Каронавірус у Беларусі

Міністэрства здароўя афіцыйна паведаміла пра першы пацверджаны выпадак захворвання каронавірусам у Беларусі. Ён быў выяўлены ў іранскага студэнта, які прыляцеў з Баку 22 лютага. Грамадзянін Ірану з’яўляецца студэнтам БНТУ.

У БНТУ адмянілі заняткі ў аўдыторыях да 15 сакавіка.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, у шпіталі патрапілі 26 аднагрупнікаў іранскага студэнта і 7 выкладчыкаў. Цяпер Менская гарадская клінічная інфекцыйная больніца, дзе знаходзіцца інфікаваны і асобы, якія з ім камунікавалі, на каранціне: уваход на тэрыторыю больніцы забаронены, кансультатыўны прыём планавых пацыентаў часова прыпынілі.

Што рабіць, каб не падхапіць заразу?

  • Абавязкова трэба мыць рукі з мылам. Чым часцей, тым лепш! Але рабіце гэта правільна. Тут інструкцыя.
  • Не дакранайцеся да рота і твару нямытымі рукамі.
  • Узмацняйце імунітэт.
  • Лепш не цалавацца і не паціскаць рукі.
  • Пазбягайце кантактаў з хворымі.
  • Калі ёсць магчымасць, то насіце маску. Мяняйце яе раз на дзве гадзіны.
  • Карыстайцеся дэзынфектарамі на спіртавой аснове.
  • Праветрывайце памяшканні, у якіх вы жывяце і працуеце.
  • Тлумачце дзецям, чаму варта мыць рукі!

СК belsat.eu

Стужка навінаў