«З іх пачыналася зачыстка інфармацыйнага поля Беларусі». У Горадні прэзентавалі каляндар гісторыі свабоды слова


Першыя буйныя працэсы за абразу прэзідэнта, затрыманні, ператрусы і пратэсты на знак падтрымання незалежных журналістаў. Разам са спробай Аляксандра Лукашэнкі ўтрамбаваць сваю ўладу, гарадзенскія незалежныя СМІ першымі спазналі аблаву рэпрэсіяў, якія потым перакінуліся на ўсю Беларусь. Нагодай узгадаць гісторыю свабоды слова ў Горадні сталася выданне адмысловага календара, кожная старонка якога апісвае паступовае знішчэнне незалежных медыяў пасля ўмацавання ва ўладзе Лукашэнкі. Мы пагарталі каляндар і выбралі некалькі старонак, якія распавядаюць пра самыя гучныя справы, якія ў свой час ускалыхнулі ўсю краіну.

Павал Мажэйка ў часе прэзентацыі календара ў Цэнтры гарадскога жыцця ў Горадні.Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Першая «хімія» за паклёп на прэзідэнта

За цкаваннем газеты «Пагоня», якая выдавалася ў 1992-2001 гг. сачыў увесь свет. Выданне, якое пачыналася, як заходнебеларускі рэгіянальны агляд, хутка стала агульнанацыянальнай грамадска-палітычнай газетай з накладам у найлепшыя часы да 17 тысяч. 12 лістапада 2001 году Вышэйшы гаспадарчы суд зачыніў газету. Праз некалькі месяцаў рэдактар газеты Мікола Маркевіч атрымлівае 2.5 гадоў пазбаўлення волі, а журналіст Павал Мажэйка да 2 гадоў турмы, журналістаў прызналі вінаватымі ў паклёпе на прэзідэнта. Маркевіч адбываў пакаранне ў Асіповічах, Мажэйка ў Жлобіне. Акцыі салідарнасці з журналістамі працягваліся да самага выхаду пакараных з турмы.

Кіраўнік гарадзенскай філіі БАЖ Вольга Корсун.Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Два гады турмы за верш пра Лукашэнку

У сярэдзіне 2000-х Горадню, як і ўсю Беларусь ускалыхнулі пратэсты прадпрымальнікаў, якіх улады ў чарговы раз паспрабавалі зацугляць. У Горадні акцыямі кіравалі Валер Леванеўскі і Аляксандр Васільеў. 1 траўня 2004 г. Леванеўскага арыштавалі на мітынгу, удзельнікі якога патрабавалі адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Актывісту прысудзілі да 2 гадоў зняволення разам з Аляксандрам Васільевым. Суд прызнаў іх вінаватымі ў нанясенні публічнай абразы Аляксандру Лукашэнку, выкарыстоўваючы тэкст улёткі, якая заклікала гарадзенцаў прыйсці на першатравеньскі мітынг. Там жа быў надрукаваны верш, у якім следства выявіла абразу прэзідэнта. Валеры Леванеўскі выйшаў на волю 15 траўня 2006 году, Аляксандр Васільеў паводле амністыі 7 ліпеня 2005 году.

Прэзентацыя календара ў Цэнтры гарадскога жыцця ў Горадні.Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Як зачынялі «Біржу інфармацыі»

17 кастрычніка 2004 году ў Беларусі адбываецца сумнавядомы «рэферэндум», які дазволіў Аляксандру Лукашэнку быць «нязменным» кіраўніком Беларусі. У верасні гэтага ж году галоўная рэдактарка газеты «Біржа інфармацыі» піша калонку ў газеце, якую называе «Здрада іменем народа» і дзе з’ўляюцца радкі: «Рэферэндум (а без яго трэцяга тэрміну не атрымаць), абвешчаны спадаром прэзідэнтам, – гэта выклік грамадству. Трэба не толькі не мець сумлення, але і валодаць «панскай» пагардай да плебсу, абсалютнай упэўненасцю, што «плебс» нічога не разумее і не вырашае». У выніку пракуратура ўзбуджае справу за абразу прэзідэнта. Алене Раўбецкай пагражае шматгадовае турэмнае зняволенне. Спачатку суд прызнае, што рэдактар абразіла гонар і годнасць кіраўніка дзяржавы, аднак, на шчасце, справа заканчваецца штрафам. У ахвяру ўлады прызначаюць «Біржу інфармацыі».

Каляндар, прысвечаны 35-годдзю гарадзенскай незалежнай журналістыкі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Што рабіць з вальнадумным мастаком?

2 сакавіка 1999 году адначасова ў рэдакцыі «Пагоні», аб’яднанні «Ратуша» і лялечным тэатры праводзяцца ператрусы. Чаго шукаюць КДБ і міліцыя? Службоўцы з ног да галавы пераварочваюць кватэру мастака Алеся Сурава, у пошуках «інфармацыйных матэрыялаў, звязаных з альтэрнатыўнымі выбарамі, карыкатуры ды іншую друкаваную прадукцыю. Мастак Алесь Сураў у 1995-1998 гг. стаў аўтарам дзясяткаў карыкатур, якія «рвалі шаблон», былі смелымі ды дзёрзкімі, гарадзенцы выразалі іх з газет і распаўсюджвалі. Пераслед мастака доўжыўся некалькі месяцаў. Дзякуючы ўмяшанню міжнароднай супольнасці мастака пакінулі на свабодзе, аднак майстэрні ўсё ж такі пазбавілі.

«Менавіта на гарадзенскіх СМІ адпрацоўваліся шматлікія механізмы рэпрэсіяў, якія пасля перакінуліся на ўсю Беларусь, тут пачалася інфармацыйная зачыстка і мы стараемся рознымі спосабамі захаваць памяць пра гэта», – кажа кіраўнічка гарадзенскай філіі БАЖ і ініцыятарка стварэння календара Вольга Корсун.

Журналіста «Белсату» аштрафавалі на 613 рублёў за два відэа ва «УКантакце»

Адзначым, што са зменаю тэхналогіяў, калі незалежныя журналісты сышлі ў сеціва ўлады не адмовіліся ад ціску. Улетку ў гарадзенскіх журналістаў, якія супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам прайшлі ператрусы. А месяц таму музыка і журналіст Алесь Дзянісаў быў пакараны за рэпост «Укантакце».

Паўліна Валіш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары