З Генпракуратуры звольніліся некалькі высокапастаўленых працаўнікоў


З Генеральнай пракуратуры звольніліся адразу некалькі высокапастаўленых працаўнікоў праз сваю нязгоду з пазіцыяй ведамства адносна падзеяў апошніх месяцаў. Пра гэта паведамляе TUT.by. У тым ліку сышоў пракурор Эльдар Сафараў, які ў 2010 годзе быў дзяржаўным абвінаваўцам на працэсе па палітычна матываванай справе Мікалая Аўтуховіча.



З Генпракуратуры, у прыватнасці, звольніўся Алег Талерчык, які займаў пасаду старэйшага пракурора ўпраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства Следчым камітэтам.

«Гэта быў унутраны экзамен для самога сябе, – растлумачыў ён TUT.by. – Я вырашыў распавесці аб сваім рашэнні, каб сімвалічна падтрымаць смелых беларусаў, якія падпалі пад рэпрэсіі. Як прафесіянал у сітуацыі, якая склалася я ім дапамагчы, на жаль, не змог».



На мінулым тыдні таксама сышоў у адстаўку начальнік аддзелу дзяржаўнага абвінавачання Эльдар Сафараў.

«Так, я сышоў. Гэта звязана з падзеямі, якія адбыліся летам і восенню», – паведаміў ён.



Эльдар Сафараў вядомы сваёй працай на шэрагу гучных судовых працэсах. У 2007-м ён быў дзяржабвінаваўцам на працэсе па справе «банды Марозава» – тады Вярхоўны суд вынес два смяротныя выракі. А ў 2010-м Сафараў быў пракурорам на судовым працэсе па палітычна матываванай справе прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча, супраць яго сфабрыкавалі абвінавачванне ў падрыхтоўцы тэракту.



Аўтуховіч, Асіпенка і Казлоў падчас суду. Фота – «Наша Ніва»




Аўтуховіча арыштавалі ў лютым 2009 года. Яго абвінавацілі ў падрыхтоўцы замаху на намесніка міністра па падатках і зборах, старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму, а таксама падпале дому начальніка ваўкавыскай міліцыі. На лаве падсудных апынуліся працаўнікі фірмы Аўтуховіча Уладзімір Асіпенка і Аляксандр Ларын, а таксама афіцэр гарадзенскага УБАЗіКа Міхаіл Казлоў. Эльдар Сафараў прасіў для Аўтуховіча 20 гадоў зняволення (агулам дзяржабвінаваўца запрасіў для чатырох падсудных 46 гадоў турмы), але большая частка абвінавачанняў была знятая, і ўвесну 2010 года ён атрымаў толькі 5 гадоў і 2 месяцы турмы нібыта за захоўванне зброі. Аўтуховіча і Асіпенку прызналі палітвязнямі.



Нагадаем, 9 верасня 2020 года Аляксандр Лукашэнка прызначыў генпракурорам Андрэя Шведа. Да таго Лукашэнка наракаў на тое, што ён не бачыць «той актыўнасці пракуратуры, якая б адпавядала цяперашняга перыяду».



Пасля гэтага кіраўніцтва Генпракуратуры заняла больш жорсткую пазіцыю адносна пратэстаў у Беларусі. Як паведаміў нядаўна намеснік начальніка аддзелу інфармацыі Генпракуратуры Дзмітрый Брылёў, цяпер дзяржаўныя абвінаваўцы арыентуюць суды на вынясенне «максімальна суровых мераў пакарання» ў дачыненні абвінавачаных па крымінальных справах за акцыі пратэсту.



ІІ belsat.eu

Стужка навінаў