З фондаў Львоўскай галерэі знікла больш за 600 экспанатаў


З фондаў Львоўскай галерэі мастацтваў знік 621 музейны экспанат – скульптуры, старадрукаваныя кнігі, карціны, каштоўныя манеты і нават мэбля.

Пра гэта паведаміў дырэктар Львоўскай галерэі мастацтваў Тарас Вазняк, піша ZAXID.net

Паводле яго слоў, недахоп быў выяўлены падчас правядзення інвентарызацыі музейных комплексаў, якія ўваходзяць у галерэю.

«Калі мы зімой выявілі прапажу старадрукаў, мы пачалі дэталёвую інвентарызацыю ўсіх музейных фондаў. Аказалася, што ў цэлым не хапае 621 творы мастацтва розных перыядаў, пачынаючы з XVI стагоддзя і скончваючы XX стагоддзем», – паведаміў Вазняк.

«Дакладна ведаю, што найбольшай колькасці экспанатаў не далічыліся ў фондасховішчы Алескага замку», – дадаў ён.

Таксама Вазняк даў поўны спіс твораў мастацтва, знікненне якіх выявілі пры інвентарызацыі ў Львоўскай карціннай галерэі.

Галоўны захавальнік музея «Алескі замак» Таццяна Сабадаш нядаўна звярнулася з лістом да прэзідэнта Пятра Парашэнкі, у якім заявіла, што Вазняк яе беспадстаўна абвінавачвае ў знікненні манет і ў падмене музейных экспанатаў. У сваю чаргу Вазняк звярнуўся з заявай у паліцыю.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў