«З дзяцей робяць наркабаронаў». Блогер Павел Спірын зняў фільм пра «наркатычны» артыкул


Менскі блогер Павел Спірын днямі апублікаваў дакументальны фільм, прысвечаны праблеме наркатрафіку і жорсткіх пакаранняў па артыкуле 328. Ён сцвярджае, што дачыненне да гандлю буйнымі партыямі наркатычных рэчываў мае «цэнтральны апарат МУС». Belsat.eu распытаў, як блогер прыйшоў да такой высновы, ці не баіцца пераследу і якія тэмы плануе закрануць у наступных роліках.

Спірын набыў вядомасць пасля свайго фільму «Айчым» пра Аляксандра Лукашэнку, дзе крытыкаваў яго і набліжаных асобаў. «Айчым» выйшаў напрыканцы 2017 году і набраў амаль 900 тысяч праглядаў на YouTube. Кансультаваў Спірына вядомы беларускі дакументаліст Юрый Хашчавацкі. Сам жа Павел не толькі не хаваў аўтарства, але і сам дасылаў спасылку на відэа чыноўнікам. Тады міліцыя распачала даследчае правяранне што да наяўнасці ў фільме прыкметаў абразы кіраўніка дзяржавы, блогеру пагражала да двух гадоў пазбаўлення волі. У выніку крымінальная справа не была распачатая.

Сёлета ў сакавіку Спірына зноў выклікалі ў міліцыю пасля чарговага роліку пра працу «дармаедскіх» камісіяў. У рамках правярання ў блогера канфіскавалі тэхніку, але справу за «абразу» не ўзбуджалі – камп’ютары і флэшкі вярнулі ўласніку.

Інфармацыю атрымаў ад маёра наркакантролю

14 чэрвеня Павел выклаў на сваім канале новы фільм пад назваю «Грань 2019». Паводле блогера, падчас гэтай працы цягам месяца ён гутарыў з прадстаўніцамі руху «Маці-328», вывучаў «наркатычнае» заканадаўства, адпаведныя пастановы ўраду і публікацыі ў СМІ. Таксама ён кажа, што атрымаў інфармацыю ад дзейнага працаўніка наркакантролю МУС, якому «засталося пару гадоў да пенсіі». У самім фільме аўтар толькі аднойчы спасылаецца на сваю ананімную крыніцу – сілавік у відэашэрагу не з’яўляецца, не гучыць ягоны голас і за кадрам.

– Ёсць такая тэндэнцыя: я заўважаю, што міліцыянты пачынаюць супрацоўнічаць з блогерамі, даваць ім пэўныя звесткі – гэтак адбываецца, напрыклад, з NEXTA. Цешыць, што пачалі звяртаць увагу і на такіх блогераў, як я – дакументалістаў. Але калі б я назваў імя крыніцы, яго б імгненна выкінулі з органаў, нельга падстаўляць чалавека. Магу толькі сказаць, гэта маёр наркакантролю. Ён сам звязаўся са мною, апісаў, як выглядае сітуацыя, – кажа Павел.

– Але вы даволі безапеляцыйна абвінавачваеце МУС у датычнасці да наркатрафіку, называеце ў сувязі з гэтым імя экс-міністра Шуневіча. Ці не баіцеся пераследу за гэта, пазову за паклёп?

– А ў чым паклёп? Я кажу пра [былых. – Belsat.eu] падначаленых Шуневіча. Мы ж памятаем «справу 17», дзе быў замяшаны працаўнік МУС. Гэта факт. Да таго ж, я юрыст па адукацыі і разумею, што склады такіх злачынстваў як паклёп або абраза з’яўляюцца канкрэтнымі. То бок, я павінен канкрэтна назваць імя і пасаду чалавека, які курыруе гандаль наркотыкамі. Любая спроба пераследу толькі пацвердзіць, што я маю рацыю.

– Вы таксама абвінавачваеце «Тэхнабанк» у абслугоўванні электронных гаманцоў наркагадляроў…

– Я нікога не абвінавачваю, а канстатую факт. «Тэхнабанк» падазраецца менавіта ў тым, што на аформленыя ў іх электронныя гаманцы паступаюць грошы ад гандлю наркотыкамі, пра гэта шмат гаварылася раней у СМІ.

«Буйныя распаўсюднікі жывуць спакойна»

– Чаму вы наагул зацікавіліся тэмай 328, чаму вас яна хвалюе?

– Гэтай тэмай я пачаў цікавіцца гады два таму, супастаўляў факты, якія існуюць па наркагандлі і прыйшоў да высновы, што за кратамі аказваюцца абсалютныя не тыя людзі. То бок, саджаюць у турму на вялікія тэрміны асобаў, якія заслугоўваюць максімум на ўмоўны тэрмін ці максімум 2-3 гады, але не 10!

Усе буйныя распаўсюднікі спакойна жывуць у Беларусі, а саджаюць выключна моладзь, падлеткаў, і памер пакарання не адпавядае здзейсненаму злачынству.

– Часцяком аператыўнікі «нацягваюць» з першай часткі 328-га артыкулу [незаконнае захаванне наркатычных рэчываў без мэты збыту. – заўв. Belsat.eu] да трэцяй або нават чацвертай [збыт у складзе арганізаванай групы. – заўв. Belsat.eu]. Фактычна з дзяцей робяць наркабаронаў.

Справка
Артыкул 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Незаконны зварот наркатычных сродкаў» мае 5 частак і прадугледжвае пакаранне ад 2 да 25 гадоў. Самае мяккае пакаранне прадугледжанае за выраб, набыццё і захаванне наркотыкаў без мэты збыту, а самае суворае – за збыт у складзе арганізаванай групы, які пацягнуў за сабой смерць чалавека па неасцярожнасці.

– Але чаму ў вашым фільме няма інтэрв’ю з маці-328, нейкіх эксклюзіўных дакументаў?

– Такая канцэпцыя. Разумееце, я вырашыў зняць фільм у форме, дасяжнай для простых беларусаў. Каб любы, хто не валодае здольнасцямі да глыбокага аналізу, расследавання, мог паглядзець і ўсё зразумець. Я хацеў паказаць, як за адзін грам рэчыва ведамства Шуневіча выстаўляла чалавека ледзь не наркабаронам.

Натуральна, я маю ўсе дакументы, якія пацвярджаюць факты, агучаныя ў фільме. Проста калі б я ўключыў іх у фільм, ён быў адразу стаў менш зразумелым шырокай аўдыторыі, звычайным людзям, і глядзеўся б горш.

Справка
Цяпер па 328 артыкуле ў Беларусі асуджаныя каля 17 тысяч чалавек, з іх пэўная частка яшчэ не дасягнула паўналецця. Сваякі тых, хто адбывае пакаранне, аб’ядналіся ў рух «Маці-328». Яны дамагаюцца змякчэння пакарання па гэтым артыкуле і амністыя для няпоўнагадовых. Жанчыны абвяшчалі галадоўку, патрабавалі аўдыенцыі ў кіраўніка дзяржавы, а таксама праводзіліся шматлікія сустрэчы з чыноўнікамі.

– Чаму вы пачалі здымаць дакументальные фільмы, і якія водгукі на «Грань 2019» ужо давялося атрымаць?

– Мне гэтая прыносіць задавальненне, я бачу, што раблю патрэбнае грамадству. На душы вельмі прыемна. У мяне ёсць і іншая афіцыйная праца – кіраўнік жыллёва-будаўнічага спажывецкага кааператыву, але яна больш па неабходнасці. Водгукаў на фільм шмат. Я адчуваю ўдзячнасць: людзі званілі, дзякавалі, нават з-за мяжы. Маці-328 былі ўдзячныя, таксама пісалі і званілі.

Як, на думку блогера, варта змяніць артыкул 328?

– Дарэчы, адкуль паходзіць назва – «Грань 2019»?

– Пад гэтым я разумею пэўную мяжу, рысу. Калі дзяржаўныя органы гэтую мяжу пяройдуць – а яны яе ўжо амаль перайшлі – могуць пачацца незваротныя працэсы, які звычайна сканчаюцца не найлепшым чынам для асобаў на высокіх пасадах.

– На які эфект ад свайго фільму вы разлічваеце?

– Я б хацеў, каб наркатычнае заканадаўства змянілі і ўнеслі ў артыкул 328 дапаўненні, канкрэтызавалі закон, каб у турму на такія вялізарныя тэрміны не траплялі выпадковыя людзі.

Калі даюць 14 гадоў, трэба каб гэта насамрэч быў закаранелы злачынца, які знявечыў шмат жыццяў і зарабіў на гэтым шмат грошай. А не школьнікі, якія проста аступіліся. Канешне, калі гэты падлетак не адумаецца пасля першай пасадкі, пакаранне павінна быць жорсткім, але ніяк не ў першы раз.

Аб’ектыў
Маці-328 абвесцілі галадоўку, каб спаткацца з Лукашэнкам
2019.06.11 20:55

Цяпер па 328 артыкуле ў Беларусі асуджаныя каля 17 тысяч чалавек, з іх пэўная частка яшчэ не дасягнула паўналецця. Сваякі тых, хто адбывае пакаранне, аб’ядналіся ў рух «Маці-328». Яны дамагаюцца змякчэння пакарання па гэтым артыкуле і амністыя для няпоўнагадовых. Жанчыны абвяшчалі галадоўку, патрабавалі аўдыенцыі ў кіраўніка дзяржавы, а таксама праводзіліся шматлікія сустрэчы з чыноўнікамі.

КА belsat.eu

Стужка навінаў