З дзесяці гадоў Данііл «накруціў» на цягніках больш за 10 тысяч кіламетраў. І спыняцца не збіраецца


Быўшы 10-гадовым хлопчыкам, Данііл Халейка з Магілёву папрасіў тату паехаць куды-небудзь, усё роўна куды. На вакзале ў касіра купілі білет на цягнік на бліжэйшы час, так Данііл пазнаёміўся з чыгункай і са Шкловам. Літаральна праз два тыдні пасля паездкі ён ужо сам-адзін адправіўся ў Чавусы. І вось праз шэсць гадоў ён вырашыў успомніць сваю самую першую паездку.

На цягніку да Шклова ехаць 50 хвілін, па дарозе Данііл дзеліцца ўспамінамі і перажываннямі:

«Калі ўпершыню ехаў, мама хвалявалася, а тату было ўсё роўна (усміхаецца). Я тэлефанаваў праз відэасувязь, пісаў, адсылаў фатаграфіі. Цяпер, зразумела, такога ўжо няма, прыязджаю і распавядаю, дзе быў і што цікавага бачыў».

Паводле правілаў Беларускай чыгункі, праезд дзяцей ва ўзросце да 10 гадоў без суправаджэння дарослых не дапускаецца. Пасля 10-ці можна вандраваць самастойна

Мама Данііла, спадарыня Алена, спачатку не хацела адпускаць сына, але дзякуючы настойлівасці ён усё ж такі адправіўся ў падарожжа.

«Данік рос незвычайным дзіцем, самастойным з маленства. Заўсёды вельмі уважлівым быў, Правілы дарожнага руху яшчэ з дзіцячага садка ведаў. Калі адпускалі першы раз, быў вялікі страх. Як ён даедзе? Ці не пакрыўдзіць хто-небудзь? Якія пасажыры будуць? Перажывалі, месца сабе не знаходзілі. І зараз страх прысутнічае, але ён ужо крыху прытупіўся», – кажа маці.

Спадарыня Алена распавяла, што Данііл вельмі адказна падыходзіць да вандраванняў. Заўсёды загадзя замовіць квіток, зарэзервуе гатэль, ды і ў горадзе будзе даведнікам. Калі паездка – усёй сямʼёй, усё гэта давяраецца менавіта яму.

Першы раз Данііл накіраваўся з Магілёву ў Шклоў
Да Шклова ходзяць яшчэ старыя савецкія дызель цягнікі

«Калі еду далёка, атрымліваецца, дзень гуляю і дзве ночы ў цягніку. Так у Гомлі адбылася непрыемная сітуацыя, правадніца не хацела пускаць у вагон, патрабавала пашпарт. Пасля таго, як я яго паказаў, яна ўсё роўна не хацела пускаць, кажучы, што не хоча браць на сябе адказнасць. Я казаў, што паводле закону з дзесяці гадоў можна самастойна ездзіць на цягніках. Яна гэта ведала, але ўсё роўна не згаджалася ўпусціць. Прыйшлося выклікаць начальніка цягніка, і ў выніку я ўсё ж такі змог зʼехаць», – кажа хлопец.

Як распавялі «Белсату» ў аддзеле абслугоўвання пасажыраў Беларускай чыгункі, праезд дзяцей ва ўзросце да 10 гадоў без суправаджэння дарослых не дапускаецца. Гэта прапісана ў правілах перавозу пасажыраў, багажу і грузабагажу чыгуначным транспартам агульнага карыстання. Правадніца не мела рацыі, калі адмаўлялася ўпускаць Данііла ў вагон.

Данііл Халейка. Фота belsat.eu

«Горадня мне запомнілася больш за ўсё. Хоць гэта і самы маленькі з абласных гарадоў, але аказаўся самым цікавым. Больш за ўсё ўразіла архітэктура, бліжэй да захаду, там нават народ адрозніваецца, менталітэт зусім іншы, манера зносін, сама гаворка. Была сітуацыя, калі я прыехаў у Пінскі раён у вёску, спачатку я не разумеў нічога. Ведаючы беларускую мову, лягчэй, але прыехаў бы расеец, ён бы нічога не зразумеў. У мяне там цётка жыве, яна мне дапамагла, я нават нейкія словы прывёз сюды, бацькі потым здзіўляліся», – дзеліцца ўражаннямі суразмоўца belsat.eu.

За шэсць гадоў Данііл праехаў па чыгунцы прыкладна 10 тысяч кіламетраў, і гэты лік толькі расце.

«Стараюся ездзіць як мага часцей, асабліва ўлетку, але становіцца складаней, таму што ўжо шмат дзе быў, і выбару ўсё менш. Апошняя мая паездка, калі не лічыць выезду на прыроду, была ў Кіеў. Мы ездзілі ўдваіх з сястрой. Хоць у мяне і ёсць дазвол на тое, што я магу падарожнічаць адзін, усё ж самастойна паехаць я не рызыкнуў. У Кіеў вырашылі паехаць таму, што гэта даступна. У Маскве я быў, і ў Піцеры быў, цяпер – Кіеў. Віза не патрэбная, чаму б не зʼездзіць. Цяпер, напрыклад, збіраюся ў Тураў, славутасцяў там няшмат, але ў кожным горадзе ёсць на што паглядзець. Мяне зацікавілі крыжы, якія растуць проста з-пад зямлі, і Тураўскі малочны камбінат, куды можна трапіць на экскурсію».

Самы бюджэтны варыянт вандроўкі ў Шклоў цягніком зойме каля гадзіны

З сваёй першай паездкі ў Шклоў Данііл лепш за ўсё запомніў гімназію. Гэта і нядзіўна, бо яна – унікальны архітэктурны абʼект.

«Сябры і сваякі да гэтага часу дзівяцца, і іх ўражвае, калі я ім распавядаю, што зноў кудысьці зʼездзіў. Ну, я ім заўсёды кажу, што час каб пасядзець «УКантакце» ёсць заўсёды і ва ўсіх, ці схадзіць патусіць. А зʼездзіць паглядзець месцы – часу ніколі ні ў каго няма».

ДЧ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары