З дома Скрыпаля ў Солсбэры здымуць дах


Брытанскія ваенныя праз 10 месяцаў пасля спробы атручвання Сяргея Скрыпаля дэмантуюць дах дома былога палкоўніка ГРУ ў Солсбэры. Санітарная апрацоўка на вуліцы, дзе жылі Скрыпалі, працягваецца з сакавіку мінулага года па сённяшні дзень, паведамляе ВВС.

Самая высокая канцэнтрацыя нервова-паралітычнага рэчыва, якім атруцілі Скрыпалёў, была выяўлена на дзвярной ручцы іх дому.

Дах, як паведамілі ў радзе графства Уілтшыр, плануецца знесці з хаты Скрыпалёў, а таксама з прылеглага да дому гаража. У пачатку студзеня дом і гараж накрыюць непранікальнай сеткай, дах разбяруць і ўсталююць новы.

Сяргея і Юлію Скрыпаль знайшлі без прытомнасці на лаўцы ў цэнтры Солсбэры 4 сакавіка мінулага года. Брытанскія ўлады прыйшлі да высновы, што Скрыпалей спрабавалі атруціць нервова-паралітычным рэчывам класа «Навічок», а за нападам з высокай верагоднасцю стаіць Расея.

Атручване Скрыпаля прывяло да сур’ёзнага абвастрэння адносін паміж Брытаніяй і Расеяй: Лондан выслаў 23 расейскіх дыпламата, Масква адказала сіметрычна. Неўзабаве дзясяткі краін падтрымалі Брытанію, абвясціўшы пра высылку расейскіх дыпламатаў.

У атручванні Скрыпалёў брытанскія ўлады абвінавацілі двух супрацоўнікаў ГРУ, якія заехалі ў Брытанію па пашпартах на імёны «Руслан Башыраў» і «Аляксандр Пятроў». Даследчая група Bellingcat і расейскае выданне The Insider ў сумесным расследаванні назвалі сапраўдныя імёны Башырава і Пятрова – Анатоль Чапіга і Аляксандр Мішкін. У сваю чаргу, Масква адрынула ўсе абвінавачванні ў датычнасці ГРУ да злачынства.

КА, belsat.eu

 

Стужка навінаў